РПЦ хоча заканадаўча замацаваць у РФ дактрыну "трыадзінага рускага народу"
Удзельнікі Рускага народнага сабора
Расійскае ўварванне ва Украіну павінна лічыцца "свяшчэннай вайной". Пра гэта гаворыцца ў "наказе", які прыняў "Сусветны рускі народны сабор" пад старшынствам патрыярха Кірыла. Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце Маскоўскай Патрыярхіі.
Сабор адбыўся 27 сакавіка ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы. Вайну ва Украіне яго ўдзельнікі назвалі "новым этапам нацыянальна-вызваленчай барацьбы рускага народа супраць злачыннага кіеўскага рэжыму і калектыўнага Захаду, які стаіць за ім". У "наказе" таксама гаворыцца, што па заканчэнні вайны "ўся тэрыторыя сучаснай Украіны павінна ўвайсці ў зону выключнага ўплыву Расіі".
Фактычна гэты дакумент заклікае да поўнага знішчэння суверэнітэту Украіны: "Магчымасць існавання на дадзенай тэрыторыі русафобскага, варожага Расіі і яе народу палітычнага рэжыму, а роўна палітычнага рэжыму, кіраванага з варожага Расіі знешняга цэнтра, павінна быць цалкам выключана".
Удзельнікі з'езду заяўляюць, што межы "рускага свету" не абмяжоўваюцца ні межамі сучаснай Расійскай Федэрацыі, ні межамі "вялікай гістарычнай Расіі".
Адной з прыярытэтнай задач замежнай палітыкі называецца "ўз'яднанне" з беларусамі і ўкраінцамі: "Расіі варта вярнуцца да існуючай больш за тры стагоддзі дактрыне трыадзінства рускага народа, згодна з якой рускі народ складаецца з вялікаросаў, маларосаў і беларусаў, якія з'яўляюцца галінамі (субэтнасамі) аднаго народа, а паняцце "рускі" ахоплівае ўсіх усходніх славян — нашчадкаў гістарычнай Русі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.