В Могилеве требуют снести надстроенный этаж на историческом здании
Магілёўскія праваабаронцы патрабуюць знесці надбудаваны паверх на будынку, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Спачатку дом №15 па вуліцы Лазарэнкі а таксама суседнія будынкі, якія знаходзіліся ў спісе ахоўваемых аб'ектаў, пазбавілі статусу помнікаў, каб зрабіць у гэтым месцы шматкватэрны дом і офісы.
“Гарвыканкам звярнуўся ў Міністэрства культуры з просьбай пра тое, каб вывесці ўвесь гістарычны квартал з чатырох дамоў са спісу помнікаў архітэктуры, ― распавядае старшыня Магілёўскага абласнога Таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка. ― Рада пры міністэрстве задаволіла гэту просьбу. Далей быў распрацаваны праект будаўніцтва надбудовы, каб зрабіць жылы дом з аптэкай, крамамі, офісамі і жыллём. Паводле праекта, прадугледжвалася будаўніцтва дадатковага паверха”.
Праваабаронца лічыць, што законных падстаў, каб пазбавіць дом статусу помніка, у чыноўнікаў не было. Да таго ж, фундамент будынка не быў разлічаны на дадатковы паверх, таму перабудова ў кожным выпадку стварае рызыку, што будынак абрынецца. Аднак пакуль ішлі разбіральніцтвы паміж уладамі і Таварыствам аховы помнікаў, фірма, якой быў выданы дазвол на будаўніцтва, пачала выконваць рамонт у адпаведнасці з узгодненым праектам. На доме з'явіўся дадатковы паверх, а потым у будаўнічай фірмы скончыліся грошы, і працы на аб’екце спыніліся. Пра якасць надбудовы распавядае праваабаронца Уладзімір Краўчанка.
“Справа ў тым, што будаўнікі нарабілі столькі памылак, што ўжо змяніць што-небудзь яны не ў стане. Шчыліны пайшлі ўжо па ўсім фундаменце, а частка сцяны нахіляецца да дома №17. Яшчэ 2-3 гады, і гэты будынак увогуле можа абрынуцца. Трэба аблегчыць нагрузку на фундамент і знесці паверх. Сам жа будынак увогуле без фундамента. Будаўнікі спрабавалі яго зрабіць, аднак не зрабілі ― забетанавалі ўнутры і звонку. Пад самімі ж сценамі “падушкі” ніякай няма”.
(На фотаздымку Уладзімір Краўчанка паказвае дом №15 па вуліцы Лазарэнкі)
Справай занялася і пракуратура, якая аспрэчыла рашэнне Рады пры міністэрстве аб вывадзе цэлага квартала з разраду помнікаў архітэктуры.
“Пракуратура аспрэчыла гэтае рашэнне і будынак застаўся помнікам архітэктуры, аднак паверх ужо быў надбудаваны. Я звярнуўся ў аблвыканкам з лістом аб неабходнасці зносу незаконна пабудаванага паверха і абгрунтаваў гэта тым, што будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, то бок не выкананыя ўсе будаўнічыя працы па ўмацаванні фундамента”.
Такім чынам, будынку вярнулі статус гісторыка-культрунай каштоўнасці, аднак дабудаваны паверх нікуды не падзеўся. Цяпер будаўнічай фірме трэба выканаць экспертызу, каб працягваць далейшыя працы. Са словаў праваабаронцы, экспертыза аб’екта можа зацягнуцца на паўгода і каштаваць немалую суму грошай.
Аднак Уладзімір Краўчанка абяцае пільна сачыць за тым, як будзе разгортвацца сітуацыя, бо для яго важна захаваць кожны існуючы ў Магілёве помнік архітэктуры, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Без падобных будынкаў абласны цэнтр губляе сваю ўнікальнасць і нічым не вылучаецца сярод іншых гарадоў Усходняй Еўропы, перакананы праваабаронца.
Фота: euroradio.fm