Сакрэтны цэх у Горацкай калоніі збірае корпусы для расійскіх ракет — экс-вязень
Калонія №9 у Горках
Папраўчая калонія №9 у Горках выконвае заказы для расійскага войска. Пра гэта праваабаронцам з "Прававой ініцыятывы" расказаў адзін з былых вязняў, які адбываў пакаранне ў гэтай калоніі.
Большасць зняволеных калоніі працуе на дрэваапрацоўцы. "Многія робяць скрыні для снарадаў расійскай арміі — у прыватнасці для ракет ГРАД. Гэтага ніхто нават не хавае. Ёсць велізарны заказ, і зняволеных прымушаюць яго рабіць", — кажа былы вязень.
Паводле яго, станкі там часта выходзяць з ладу, што прыводзіла ў тым ліку да смяротных выпадкаў.
Мужчына расказвае, што ў калоніі на мяжы 2023-2024 гадоў зрабілі сакрэтны цэх. Туды на працу не бяруць палітзняволеных, бо яны лічацца нядобранадзейнымі.
"І пра тое, чым там займаюцца, расказваць нікому не дазваляюць. Ва ўсіх — і ў цывільных супрацоўнікаў, і ў зняволеных, якія там працуюць, — падпіскі аб неразгалошванні. А сам цэх абнесены калючым дротам. Але мы ж жывём усе разам, у адных атрадах. І калі знаходзяцца людзі, якім можна давяраць, то зняволеныя, вядома ж, дзеляцца інфармацыяй паміж сабой. Праз нейкі час усе ведалі, чым займаюцца ў засакрэчаным цэху", — гаворыць экс-вязень.
Паводле яго словаў, там збіраюць ракеты для расійскага войска, але без баявога начыння. У Горкі прывозяць каркасы і некаторыя камплектавальнікі гэтых ракет. Вязні іх збіраюць, фарбуюць, а потым з тэрыторыі калоніі гэтыя корпусы адпраўляюць туды, дзе ракету нашпігоўваюць начыннем.
На думку экс-вязня, гаворка ідзе або пра вялікі, або пра вельмі тэрміновы заказ, бо на працу ў гэты цэх зняволеныя ходзяць у дзве змены — з 8:00 раніцы да 1:00 ночы. Адмовіцца ад працы зняволеныя магчымасці не маюць.
"Улічваючы, што ў Горках зняволеных практычна мораць голадам, людзі там літаральна выжываюць. Многія проста вар'яцеюць. Асабіста я бачыў там людзей, якія псіхічна не вытрымліваюць. Таксама бачыў тых, хто проста падобны на хадзячыя шкілеты. У Горках кормяць проста для таго, каб ты не здох, перасоўваў ногі і мог працаваць на рэжым. І, як высветлілася, не толькі на рэжым Лукашэнкі", — канстатуе мужчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.