Санду заявіла, што Прыгожын з вагнераўцамі рыхтаваў у Малдове дзяржпераварот
Малдова намагаецца ўмацаваць свае Узброеныя сілы
Прэзідэнт Малдовы Мая Санду заявіла, што Яўген Прыгожын з вагнераўцамі рыхтаваў у яе краіне дзяржпераварот. Ён планаваўся на пачатак 2023 года, але быў сарваны дзякуючы дзеянням мясцовых сілавікоў. Па словах Санду, яе збіраліся прыбраць з пасады прэзідэнта.
"Па наяўнай у нас інфармацыі, гэта быў план, падрыхтаваны камандай [Прыгожына], — цытуе словы Маі Санду newsmaker.md. — Яны хацелі, каб антыўрадавыя пратэсты сталі гвалтоўнымі".
Іншыя падрабязнасці плана яна не агучыла.
Прыгожын ужо загінуў, а ў яго ПВК "Вагнер" няпэўная будучыня. Тым не менш, Масква працягвае спробы ўплыву на сітуацыю ў Малдове. "Расія збіраецца ўзмацніць ціск на Малдову, — кажа Санду. — Яны спрабавалі выкарыстоўваць энерганосьбіты і пацярпелі няўдачу. Яны спрабавалі зрынуць уладу, і ім гэта не ўдалося. А цяпер яны спрабуюць масава ўмяшацца ў нашы выбары, выкарыстоўваючы шмат грошай... Мы не можам гуляць у шахматы з рускімі, калі яны носяць баксёрскія пальчаткі".
Мая Санду — праеўрапейскі прэзідэнт Малдовы. Яна перамагла на выбарах 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.