Сапсаваны пашпарт: як беларусы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у Польшчы

Калаж Еўрарадыё
Калаж Еўрарадыё

Польшча для беларуса год таму і цяпер — гэта дзве розныя краіны. Пра гэта кажуць сацыёлагі, праваабаронцы і героі нашага матэрыялу, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй.

Расказваем, як змянілася стаўленне да беларусаў у Польшчы за паўгода вайны ва Украіне, наколькі вострай застаецца праблема дыскрымінацыі і што рабіць уладальнікам "сапсаваных" пашпартоў. Чытаючы гэты матэрыял, памятайце: у многіх беларускіх мігрантаў у Польшчы праблем з жыллём, працай і ў прынцыпе са зносінамі з палякамі не ўзнікла. Выключэнні, пра якія пойдзе гаворка ніжэй, толькі пацвярджаюць правіла.

Права на бег

У канцы лютага беларуская трыятланістка Вікторыя Хакімава валанцёрыла на польска-ўкраінскай мяжы. У сваю кватэру сяліла ўкраінскія сем'і, якія ўцяклі ад вайны. У гэты перыяд дзяўчына даведалася, што ёй, спартсменцы-аматарцы, якая жыве ў Варшаве ўжо 13 гадоў, больш не дазваляецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах.

Дзяўчына рыхтавалася да гонкі ў польскім Мальбарку. "Беларуска? У чорны спіс".

"Спартыўныя арганізацыі забанілі ў стартах па трыятлоне нават спартсменаў-аматараў. Для іх беларусы — саўдзельнікі агрэсіі Расіі ва Украіне. Я адчувала моцны ціск і з боку палякаў, і з боку ўкраінцаў. Адчувала пачуццё віны. Думала: "Правільна, пакарайце мяне, я не павінна выступаць..." А потым зразумела: нельга ўсіх пад адзін грэбень, несправядліва".

Так Віка сталася ўдзельніцай новай гонкі: за кароткі тэрмін трэба было пераканаць спартыўныя арганізацыі Польшчы, што беларусы — не тыя, хто падтрымлівае рашэнні Лукашэнкі. А яшчэ данесці, што праз рэпрэсіі шмат хто ўцёк са сваёй краіны — цяпер ім забараняюць бегчы ў новай.

Сваю пазіцыю дзяўчына пазначыла яшчэ ў 2020-м: у Варшаве арганізоўвала мерапрыемствы ў знак салідарнасці з Беларуссю, а свой старт у адной з самых складаных гонак свету — чэмпіянаце па свімране Otillo — прысвяціла беларускаму палітвязню Максіму Знаку. У той дзень яму выносілі прысуд.

Спартсменка пісала афіцыйныя звароты ў Польскую федэрацыю трыятлона, прыцягвала ўвагу да праблемы дыскрымінацыі ў сацсетках. Спартыўныя клубы, у якія ўваходзіць дзяўчына, стукаліся ў польскія недзяржаўныя арганізацыі. Муж Вікі, паляк Томаш, заступіўся за жонку: тлумачыў калегам-спартсменам, чаму беларусы не заслугоўваюць бану.

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Вікторыя Хакімава / калаж Еўрарадыё

"Крыўды на палякаў у мяне няма. Разумею, што вайна ва Украіне — гэта вялікі боль для ўсіх. Але лічу, што ў такой сітуацыі трэба канструктыўна вырашаць пытанні. Размаўляць з арганізацыямі, спартыўнымі федэрацыямі, пісаць звароты, сустракацца і выбудоўваць дыялог. Вядома, складана пераканаць усіх, але трэба спрабаваць пераканаць тых, хто прымае рашэнні. Гэтым мы і займаліся", — расказвае спартсменка.

У гонцы за права бегчы з усімі Віка фінішавала паспяхова: Польская федэрацыя па трыятлоне зняла забарону на ўдзел у спаборніцтвах для беларускіх спартсменаў-аматараў. Нягледзячы на гэта, на думку дзяўчыны, за паўгода вайны праблема дыскрымінацыі нікуды не знікла.

"У ліпені майго сябра збілі ў двары яго дома. Некалькі палякаў пачулі, як ён размаўляе па тэлефоне на беларускай мове. Ім здалося, што ён гаворыць на рускай. На яго напалі. Дзякуй богу, яго агледзелі медыкі, шпіталізацыя не спатрэбілася. Але былі вялікія сінякі, ранкі на целе і моцныя шок і крыўда — за што?"
 

"Мы абараняем беларусаў, якія не падтрымліваюць Лукашэнку"

Рафал Гавэл, заснавальнік Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў у Польшчы, расказвае, што часцей за ўсё беларусы звяртаюцца ў іх арганізацыю са скаргамі на фізічную агрэсію.

"За паўгода вайны ў нашу арганізацыю звярнуліся дзясяткі беларусаў. Мы дапамагаем беларусам атрымаць медыцынскую экспертызу пасля збіцця, дапамагаем з падачай заяў у паліцыю і пракуратуру, у завядзенні спраў. Практычна кожную справу, якая датычыцца беларусаў, мы выйграем у судзе".

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Рафал Гавэл / калаж Еўрарадыё

Калі беларусаў адхіляюць ад культурных або спартыўных мерапрыемстваў, праваабаронцы цэнтра пачынаюць працу з арганізатарамі.

"Мы зрабілі матэрыялы, у якіх паказваем, як выглядае сапраўдны беларускі сцяг і сцяг, навязаны Лукашэнкам. Якія каштоўнасці падзяляюць беларусы, на якой мове гавораць. Прызнаюся, не заўсёды гэта асвета працуе і часам мы проста б'ёмся аб сцяну, таму што арганізатары кажуць: "Не, мы не хочам ніякіх беларусаў і расіян, таму што яны атакуюць Украіну, яны здзяйсняюць ваенныя злачынствы".

Па словах Гаўла, дагэтуль не ўсе палякі ў курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. А вайна ва Украіне адціснула праблемы беларусаў на задні план у інфармацыйным парадку дня. Калі б аўтарытэтныя польскія палітыкі часцей гаварылі пра пацярпелых беларусаў — гэта магло б змяніць грамадскую думку. Але пакуль гэтага няма — праблема дыскрымінацыі застаецца актуальнай.

"Мы абараняем беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Але калі гаворка пра чалавека, які звязаны з нелегітымнай уладай або ёсць яе прыхільнікам, то абмежаванне доступу да мерапрыемстваў, спаборніцтваў — правільнае. Так робіць увесь цывілізаваны свет. Беларусы, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі, павінны такім чынам зразумець, што падтрымліваюць чалавеканенавісніцкія рэжымы".
 

 

"У аддзеле кадраў шарахнуліся ад майго пашпарта"

"За пяць гадоў жыцця ў Польшчы ў мяне не было праблем з працаўладкаваннем. Дакументы ў парадку, польскую ведаю, атрымала тут адукацыю палітолага — я была пажаданым кандыдатам. Пасля пачатку вайны стала ізгоем..."

За паўгода вайны беларуска Аліна Дзеравянка так і не змагла ўладкавацца на працу да мясцовага працадаўцы. У снежні мінулага года дзяўчына звольнілася з кавярні, у якой займала пасаду намесніка начальніка. У канцы лютага гэтага года пачала квэст па пошуку новай працы. Выявілася, прайсці яго з беларускім пашпартам практычна немагчыма.

"Спачатку я паспрабавала вярнуцца ў тую кавярню, з якой звольнілася ў снежні. Прэтэндавала ўжо на ніжэйшую пасаду — барыста. Прыйшла на сумоўе — усё добра. Мы нават падпісалі ўступныя дакументы. У выніку мне адмовілі са словамі: "Вы ж разумееце, былі б вы ўкраінкай — вам было б нашмат лягчэй..."

 

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Аліна Дзеравянка / калаж Еўрарадыё

Пасля гэтага Аліна паспрабавала ўладкавацца ў кол-цэнтр банка. Там таксама пачула "не" — дзяўчыне растлумачылі: з яе дакументамі цяпер будзе вельмі шмат праблем. Трэцім па ліку стала сумоўе ў адзін з гатэляў Варшавы.

"Чалавека, які правёў са мной гутарку, задаволіла ўсё. Мы пайшлі ў "кадры", каб вырашыць пытанне з афармленнем на працу. Калі я выцягнула з сумкі пашпарт — трэба было бачыць рэакцыю супрацоўнікаў аддзела! Яны літаральна шарахнуліся ад майго пашпарта. Я сказала: "Так, я з Беларусі, але пры гэтым у мяне прыдатны досвед працы, я займала высокую пасаду, я адказны чалавек". Яны адказалі: "Мы вам ператэлефануем у панядзелак". Гэты панядзелак быў два месяцы таму".

У вочы ёй не сказалі, што праблема ў "няправільным" колеры пашпарта. Але знайсці працу ўдалося толькі ў сваіх: Аліна ўладкавалася ў пякарню, якую ў Варшаве адкрылі беларусы.

 

"Беларусы не пакрыўдзіліся на дыскрымінацыю"

Паводле звестак сацыялагічнага даследавання "Беларусы Польшчы: стаўленне да вайны, дапамога Украіне, дыскрымінацыя", праведзенага ў траўні 2022 года, 58% беларусаў у Польшчы сутыкаліся з дыскрымінацыяй ці асабіста ведаюць тых, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй. Гэта адмовы ў найманні жылля, у банкаўскім абслугоўванні, у прыёме на працу. Звальненні, адхіленні ад спартыўных або культурных мерапрыемстваў, непрыязнасць да дзіцяці ў навучальнай установе, а яшчэ — псаванне маёмасці, абразы, пагрозы, фізічны напад…

Кандыдат сацыялагічных навук, аўтар даследавання Алег Алампіеў на гэтым фоне звяртае ўвагу на наступныя лічбы:

"73% з тых, хто сутыкнуўся з дыскрымінацыяй, выказалі жаданне дапамагаць Украіне па-ранейшаму. І лічылі, што рабіць гэта зусім неабходна. Не ўспрынялі гэтую сітуацыю так блізка, не пакрыўдзіліся..."

 

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Алег Алампіеў / калаж Еўрарадыё

Мы пытаемся ў Алега, а ці сутыкаўся ён з дыскрымінацыяй у Польшчы за час вайны ва Украіне?

"Я якраз займаўся апрацоўкай звестак даследавання, калі мая жонка вярнулася з банка і сказала: "Мяне выкідваюць з банка, таму што я грамадзянка Беларусі".

Сацыёлаг лічыць, што для фармавання грамадскай думкі проста правесці рысу паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі — мала. Важна нагадваць, што беларусы працягваюць ваяваць на баку Украіны, збіраюць гуманітарную дапамогу, застаюцца валанцёрамі, ахвяруюць рэсурсы для дапамогі Украіне, працягваюць супрацьстаяць афіцыйным уладам Беларусі.

  

"Сутыкнуцца з ксенафобіяй лепш раней, чым пазней"

"Мы ўжо дамовіліся сустрэцца з гаспадыняй кватэры ў Варшаве, каб паглядзець жыллё. Я спытаў у СМС: "Калі нам пад'ехаць паглядзець кватэру?" Яна ўдакладніла: "Адкуль пан? З Украіны?" — "З Беларусі". Яна напісала, што ў такім выпадку не можа здаць нам кватэру. Я адказаў, што сутыкнуцца з ксенафобіяй лепш раней, чым пазней".

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Фёдар Чарняк / калаж Еўрарадыё

У Беларусі Фёдар Чарняк працаваў у буйной IT-кампаніі, якая закрыла офіс у Мінску, а супрацоўнікам прапанавала рэлакейт. Выбраў Польшчу: у мужчыны ўжо быў від на жыхарства ў гэтай краіне.

"Мяне выхоўвалі так, што я напалову паляк. Я родам з Гродзеншчыны. Баба і дзед заўсёды казалі, што я паляк, дома заўсёды было ўключана польскае ТБ. Польская культура мне досыць блізкая".

Мужчына падкрэслівае: хоць выпадак з гаспадыняй і пакінуў непрыемны асадак, ён лічыць гэта выключэннем.

"На мой акцэнт гаспадары іншых кватэр рэагавалі добразычліва і ахвотна паказвалі жыллё. Дый у цэлым я заўважыў, што палякі ставяцца да беларусаў з цікавасцю, разуменнем, спачуваннем..."
 

 

Не маўчыце

Сузаснавальнік фонду BY_HELP Аляксей Лявончык з пачатку вайны працуе з тэмай дыскрымінацыі беларусаў: збірае кейсы, утрымлівае тэму ў інфармацыйным парадку дня, супрацоўнічае з праваабаронцамі. Многія пацярпелыя баяцца заявіць пра тое, што сутыкнуліся з непрыязнасцю. Лявончык настойвае: маўчаць — небяспечна.

"Ніколі не маўчыце. Будзеце маўчаць — гэта будзе працягвацца. Палякі працягваюць нас падтрымліваць, і праяў дыскрымінацыі становіцца менш".

 

Испорченный паспорт: как белорусы сталкиваются с дискриминацией в Польше
Аляксей Лявончык / калаж Еўрарадыё

Па словах Лявончыка, ёсць набор простых дзеянняў, якія можа зрабіць беларус, які сутыкнуўся з дыскрымінацыяй.

"Першае — уступіць у кам'юніці сваёй дыяспары ў сацсетках ("Беларусы ў Варшаве"). Там дапамогуць парадай. Другое — збірайце доказы. Ёсць фота, відэа, скрыншот? Пішыце заяву ў паліцыю або пракуратуру. Копію адпраўляйце крыўдзіцелям. Ім будзе непрыемна. І трэцяе — вы заўсёды можаце прыйсці ў "Беларускі моладзевы хаб" у Варшаве, дзе вас могуць звязаць з юрыстамі, праваабаронцамі, падказаць, як адстаяць сябе і абараніць іншых..."

 

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі