Саўбез РФ — за прызнанне суверэнітэту самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР"

Саўбез РФ — за прызнанне суверэнітэту самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР"

Расія можа прызнаць суверэнітэт самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" (пры падтрымцы Масквы яны ў 2014-м утварыліся на тэрыторыі Украіны). 21 лютага прайшло пасяджэнне Савета бяспекі РФ (раней быў адпаведны зварот Дзярждумы і просьбы з Данецка і Луганска). Усе яго ўдзельнікі аказаліся аднадумцамі. Уладзімір Пуцін заявіў, што "рашэнне будзе прынятае сёння".

Дырэктар СВР Сяргей Нарышкін падчас выступу заблытаўся і нават прапанаваў падтрымаць уваходжанне "ДНР" і "ЛНР" у склад РФ. Пуцін яго паправіў: гаворка ідзе пра прызнанне суверэнітэту "рэспублік".

На пасяджэнні Саўбеза РФ было заяўлена, што тэрыторыі "ДНР" і "ЛНР" "Украіне не патрэбныя", што Кіеў не збіраецца выконваць "Мінскія пагадненні", а рыхтуе сілавую аперацыю на Данбасе (а нацыяналісты нібыта ўжо "дзейнічаюць"). Было згадана, што ў "ДНР" і "ЛНР" налічваецца 800 тысяч расійскіх грамадзян (а заявы на грамадзянства падалі 1,2 млн з прыблізна 4 млн жыхароў), іх трэба "абараніць" і даць магчымасць "спакойна працаваць". Застаецца важнае пытанне, у якіх межах РФ збіраецца прызнаць "рэспублікі" — у цяперашніх ці з тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласцей, якую кантралююць украінскія сілавікі.

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што "трэба паслаць моцны сігнал рускаму міру".

Якія наступствы будуць, калі Масква вырашыць прызнаць суверэнітэт "ДНР" і "ЛНР"? Верагодна, Расія афіцыйна ўвядзе свае войскі "на просьбу суверэнных рэспублік". А гэта можа прывесці да эскалацыі сітуацыі на Данбасе. Захад адрэагуе санкцыямі супраць Расіі. Калі ўлады Беларусі таксама прызнаюць суверэнітэт "ДНР" і "ЛНР", то могуць атрымаць такія самыя санкцыі.

Расійскае кіраўніцтва прызнае, што з-за новых заходніх санкцый "будзе цяжка", але яно нібыта ведае, як гэтаму супрацьстаяць. У Крамлі спадзяюцца, што "рана ці позна" Захад пойдзе на перамовы, каб аднавіць дачыненні. Пакуль такія надзеі нічым не падмацаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі