Школьнікі і іх бацькі атрымаюць бясплатны ліцэнзійны пакет Microsoft Office

Школьнікі і іх бацькі атрымаюць бясплатны ліцэнзійны пакет Microsoft Office

Міністэрства адукацыі і прадстаўніцтва кампаніі Microsoft у Беларусі падпісалі 8 лістапада ў Мінску мемарандум аб супрацоўніцтве. У адпаведнасці з ім, навучэнцы і іх бацькі атрымаюць бясплатны ліцэнзійны пакет Office, а ўстановы адукацыі змогуць набыць яго па льготнай цане, інфармуе БелаПАН.

Як зазначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, у цэлым дакумент прадугледжвае магчымасць атрымання на льготных умовах установамі дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама дзяржорганамі кіравання адукацыйнымі ўстановамі доступу да ліцэнзійных версій прадуктаў Microsoft. Ён звярнуў увагу, што ўся адукацыйная сістэма атрымае не толькі софт, але і спектр дадатковых паслуг. Напрыклад, з дапамогай воблачных тэхналогій адукацыя атрымае магчымасць захоўваць усю неабходную інфармацыю ў воблачных сховішчах. Там яна будзе надзейна абароненая і даступная толькі самім карыстальнікам. Звесткі пра карыстальнікаў і іх уліковыя запісы будуць захоўвацца на серверах галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі.

Праграмны пакет Microsoft Office 365 стане асноўным інструментам стварэння ў Беларусі электроннай навучальнай сістэмы, а менавіта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы выкладчыцкага складу, укараніць электронны дакументаабарот і падключыцца да праекта "Электронная школа", падкрэсліў Жураўкоў.

Ліцэнзіі на прадукты з катэгорыі "Платформа для настольных камп'ютараў" набываюцца арганізацыяй для ўсіх штатных супрацоўнікаў. Разлік неабходнай колькасці ліцэнзій ажыццяўляецца на аснове колькасці супрацоўнікаў навучальнай установы, а не камп'ютараў. Дадатковыя прадукты набываюцца індывідуальна. Аплата праводзіцца ў выглядзе штогадовых плацяжоў. На асноўныя "платформенныя" і не толькі прадукты для вышэйшых навучальных устаноў дзейнічае скідка 45%, для школ — 70%. Сумарная скідка на некаторыя праграмныя прадукты дасягае 95% ад камерцыйнай цаны.

Кожны супрацоўнік установы адукацыі атрымлівае магчымасць усталяваць пакет Office 365 на пяць мабільных і пяць стацыянарных прылад.

МІхаіл Жураўкоў зазначыў, што пагадненне з Microsoft — гэта важны прарыўны этап у беларускай сістэме адукацыі. Мяркуецца, што будуць перагледжаны вучэбныя планы па інфарматыцы ў школах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі