Школы павінны насіць імёны нобелеўскіх лаўрэатаў, а не карнікаў — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Беларускія школы павінны насіць імёны нашых нобелеўскіх лаўрэатаў, а не рэжымных карнікаў, заявіла Святлана Ціханоўская. Так яна адрэагавала на навіну аб прысваенні мінскай школе №72 імя Уладзіміра Арцёмава — гэта былы камандзір АМАПа. На школе ўжо адкрылі памятную дошку.

"Перайменаванне школы — не проста фармальнасць. Гэта спроба навязаць дзецям ілжывых герояў. Бо сілавікі цяпер — новая эліта Беларусі, якой усё дазволена. Але ў школе не месца гвалту і агрэсіі. Школа — гэта перш за ўсё камфортнае і бяспечнае асяроддзе, пляцоўка для развіцця асобы", — адзначыла Святлана Ціханоўская. Яна выказала надзею, што сучасныя дзеці насуперак намаганням уладаў навязаць сваю ідэалогію здольныя думаць крытычна і маюць уласнае меркаванне. І ў гэтым іх павінны падтрымаць неабыякавыя настаўнікі і сям'я. Ціханоўская звярнулася да бацькоў са словамі, што "дзеці ніколі не павераць у прапаганду рэжыму, калі галоўнай крыніцай інфармацыі для іх будзеце вы". Бацькоўскія ўвага і сумесныя абмеркаванні — "самы моцны шчыт, які будзе аберагаць дзяцей ад маніпуляцый і хлусні".

Нагадаем, у Беларусі ёсць як мінімум два нобелеўскія лаўрэаты — гэта пісьменніца Святлана Алексіевіч і ўладальнік прэміі міру-2022 праваабаронца Алесь Бяляцкі. Алексіевіч вымушаная была пакінуць Беларусь, Бяляцкі знаходзіцца ў калоніі і мае статут палітвязня. У 2000 годзе Нобелеўскую прэмію па фізіцы атрымаў ураджэнец Віцебска Жарэс Алфёраў, ён быў грамадзянінам Расіі, і яго імя носіць мінская гімназія № 42 і віцебская гімназія № 1.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі