Выпрабаванні для наc не скончыліся — Алексіевіч пра тое, што чакае Беларусь
Святлана Алексіевіч
Нават калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца, тая траўма, якую атрымала нацыя, будзе яшчэ доўга ўплываць на жыццё беларусаў, лічыць беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю парталу "Зеркало". Але цяпер, калі ідзе вайна Расіі супраць Украіны і канец яе няясны, разважаць пра будучыя перамены складана. Пакуль незразумела, "ці зможам мы застацца ў Беларусі, бо мы апынуліся ў такім геапалітычным месцы, што не будзе Лукашэнкі, але будзе Расія ў нейкім іншым персанальным варыянце".
Таму, на думку Святланы Алексіевіч, "выпрабаванні для нашай нацыі не скончыліся. Наперадзе яшчэ маячыць нешта падобнае на грамадзянскую вайну".
Алексіевіч прызналася, што вельмі заўзее за Украіну і хоча, каб яна перамагла. Гэта дапамагло б і Беларусі. "Без гэтага мы так і застанемся за мяжой", — адзначыла яна. На пытанне пра адказнасць беларусаў за гэтую агрэсію і магчымыя рэпарацыі пісьменніца прызналася, што не ведае, "як мы павінны паступіць, але думаю, мы будзем дапамагаць".
"Бо мы былі закладнікамі рэжыму. У Беларусі мала хто вінаваты, а калі так, то, мне здаецца, гэта рускія людзі, якія падтрымлівалі Расію", — адзначыла пісьменніца. Яна нагадала пра сцверджанні, што цяперашняя вайна Расіі супраць Украіны — гэта "вайна старых людзей, старых перакананняў і ўяўленняў, людзей, якія хочуць захаваць гэты стары свет". Гэтыя людзі "хочуць перамагчы час, а яго перамагчы нельга. Яны, вядома, прайграюць. Іншая рэч — калі гэта будзе?"
Алексіевіч таксама расказала, што цяпер жыве ў Берліне, сумуе па доме, шмат ездзіць і піша кнігу.
"У кнізе "Час сэканд-хэнд" у мяне быў падзагаловак "Канец чырвонага чалавека". Аказалася, што не, не канец. Ён яшчэ жывы, ён стаіўся. І гэтую гісторыю трэба было дапісаць. І вось я яе запісваю. Пра чырвонага чалавека, што ён такое, што такое яго дзеці, якія выраслі ўжо не ў СССР", — сказала Алексіевіч. Паводле яе слоў, яна б вельмі хацела пісаць пра іншае — пра каханне і старасць, — але час не пакідае шанцу "пайсці з барыкады".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.