Што Захаранку збіраюцца забіць, я зразумеў, калі Паўлічэнка стрэліў — Гараўскі
Будынак суда, дзе праходзіць працэс Гараўскага
На судзе ў Швейцарыі былы баец беларускага САХР Юрый Гараўскі расказаў, як былі забітыя палітычныя апаненты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — генерал міліцыі Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Анлайн-рэпартаж з суда вядзе "Новы Час".
На судзе Гараўскі адмаўляў частку паказанняў, запісаных швейцарскай міграцыйнай службай. Па яго словах, гэта быў вынік кепскага перакладу. Так, суддзя запытаў у Гараўскага, чаму той адмаўляе, што яго задачай "было распрацаваць сістэму ліквідацыі людзей". На гэта экс-баец адказаў, што ён "не ліквідаваў людзей, а затрымліваў".
Гараўскі падрабязна расказаў пра выкраданне і забойства экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі: "Калі па загадзе Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць". Ён заявіў, што былога міністра застрэлілі ў спіну. Па словах Гараўскага, ён думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і првыядуць з ім гутарку.
Паміж суддзёй і падсудным адбыўся такі дыялог.
Суддзя:
— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі растрэлы?
— Так.
— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?
Гараўскі пасля паўзы:
— Трымаў падобны.
— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?
— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.
Таксама Гараўскі расказаў, як выкралі і забілі Ганчара і Красоўскага:
"Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне.
Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму нос (Ганчару. — "Новы Час"), каб пайшла кроў.
Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру.
Мы паехалі ў бок Бягомля.
Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падыйшоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён.
Паўлічэнка сеў у машыну, і мы паехалі ў Бягомль.
У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.
Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца.
Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцельку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы".
Па словах Гараўскага, целы Ганчара і Красоўскага закапалі, а рэчы спалілі, акрамя абутку, "бо ён доўга гарыць".
Як распавядала Еўрарадыё, працэс над Юрыем Гараўскім пачаўся сёння ў Швецарыі. Гэта першы судовы працэс па справе зніклых беларускіх палітыкаў. Ён праходзіць у рамках міжнароднай юрысдыкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.