Шукаюць новы дом: чаму мядзведзі ў Беларусі пачалі выходзіць да людзей

Медзведзяня побач — нагода турбавацца / pexels.com

Медзведзяня побач — нагода турбавацца / pexels.com

Беларусы ўсё часцей заўважаюць мядзведзяў, якія выходзяць да дарог і набліжаюцца да населеных пунктаў. Мядзведзя заўважылі нават каля шматкватэрнага дома ў Бараўлянах.

Еўрарадыё даведалася, чаму жывёлы пачалі часцей прыходзіць да людзей і што рабіць, калі вы сустрэліся з мядзведзем.

 

Менш месца для жыцця

Супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Максім Каласкоў кажа, што мядзведзяў у Беларусі паступова робіцца больш ужо 20 гадоў.

Жывёлы пачынаюць распаўсюджвацца ў тыя месцы, дзе раней іх не выяўлялі. Таму ўсё часцей яны трапляюць на камеры мабільных тэлефонаў, — заявіў ён.

Але гэта далёка не заўсёды сведчыць аб тым, што мядзведзяў проста робіцца больш, расказвае Еўрарадыё экспертка “Экадома”.

Часцей за ўсё гэта звязана са скарачэннем лясоў — гэта значыць і месцаў для іх жылля — праз высечку дрэваў, пажары, адсутнасць нармальнага харчавання ці водазабеспячэння.

Атрымліваецца, што мядзведзі проста могуць пераходзіць кудысьці ў пошуках лепшага месца пражывання і такім чынам трапляць у гарады.

Але адстрэльваць жывёлаў — дакладна не варыянт, а выключнае дзеянне, падкрэслівае экспертка. Калі ёсць магчымасць, лепей страляць у паветра, каб адпудзіць мядзведзя.

 

Што рабіць, калі вы ўбачылі мядзведзя?

Шукаюць новы дом: чаму мядзведзі ў Беларусі пачалі выходзіць да людзей
Мядзведзі могуць нападаць, бо самі спужаліся / pexels.com

Лепш за ўсё зусім не сутыкацца з жывёлай. Таму ў лесе выбірайце адкрытыя месцы і пазбягайце густых зараснікаў. Калі сустрэча з мядзведзем здарыцца, то на адкрытай пляцоўцы ў вас будзе больш магчымасцяў ацаніць сітуацыю і не напужаць жывёлу. Будзьце асабліва ўважлівыя ў прыцемках і ноччу каля рэк. Гэта час, калі мядзведзі актыўныя.

Мядзведзь можа напасці на вас ад нечаканасці. Таму, перасоўваючыся па лесе, паведаміце пра сябе — гучна размаўляйце, спявайце. 

Глядзіце пад ногі! Заўважылі характэрныя сляды — адыдзіце ад іх па адкрытай мясцовасці. Калі сляды на снезе, зрабіць гэта варта як мага хутчэй. У глыбокім снезе мядзведзь не будзе актыўна перасоўвацца.

Калі вы ўсё ж сустрэліся з мядзведзем, старайцеся не панікаваць і патрошкі адыходзьце. Бегчы нельга ні пры якіх ўмовах. Не трэба пільна глядзець у вочы зверу — для яго гэта сігнал, што вы збіраецеся атакаваць. Не праяўляйце агрэсіі. Кідаць камяні ці палкі не трэба — гэта толькі справакуе жывёлу напасці.

Адпудзіць мядзведзя можна гучным спакойным голасам, ляскатам жалеза. Калі ў вас ёсць фальшфаер — выкарыстайце. Рабіць гэта лепей на адлегласці 10-15 метраў ад жывёлы. На большай дыстанцыі гэта можа выклікаць у звера цікавасць.

Убачылі медзведзяня? Забудзьце пра здымкі — трэба адыходзіць! Недалёка можа быць яго маці, якая хутчэй за ўсё не будзе спрабаваць вас напужаць, а захоча забіць, каб абараніць дзіця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі