Сілавікі Лукашэнкі рыхтавалі правакацыю на мяжы з Польшчай з выкарыстаннем мін?

Адзін з мігрантаў ударыў польскага салдата нажом

Адзін з мігрантаў ударыў польскага салдата нажом / strazgraniczna.pl

Аб'яднанне беларускіх сілавікоў BYPOL прапанавала версію пра абставіны нядаўняга забойства польскага вайскоўца на беларуска-польскай мяжы. Сцвярджаецца, што ў раёне Дубічаў-Царкоўных сілавікі Аляксандра Лукашэнкі рыхтавалі правакацыю на мяжы з Польшчай з выкарыстаннем мін. 28 траўня мігранты павінны былі раскідаць іх ужо на польскай тэрыторыі для таго, каб справакаваць падрыў "каго-небудзь". У выніку Польшчу абвінавацілі б у выкарыстанні мін супраць мігрантаў (былі загадзя запушчаны чуткі, што "палякі замініравалі мяжу").

Перад гэтым некаторым мігрантам раздалі нажы і навучылі імі карыстацца. Са складоў былі дастаўленыя супрацьпяхотныя фугасныя міны "Пялёстак" (ПФМ-1) яшчэ савецкай вытворчасці. Мігранты атрымалі 30 мін. Аднак падчас спробы прарыву мяжы міны не ўдалося пераправіць на польскі бок. Адзін з мігрантаў ударыў польскага салдата Матэвуша Сітэка нажом, ад чаго той пазней памёр. BYPOL абяцае назваць прозвішчы беларускіх сілавікоў, якія датычныя да гэтай справы.

Сцвярджаецца, што Масква зʼяўляецца перавалачнай базай мігрантаў з Афрыкі і Азіі ў краіны ЕС. Сярод мігрантаў адбіраюць тых, хто паедзе ваяваць ва Украіну, іншых адпраўляюць у Беларусь "ствараць міграцыйны крызіс на мяжы". У Мінску ў раёне Уручча на базе вучэбнага цэнтра "Дынама" мігранты праходзяць навучанне ў інструктараў спецпадраздзялення памежных войскаў РБ ("Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў", в/ч 1250). Па версіі BYPOL, іх навучаюць выбуховай справе, арыентацыі ў лесе, непрыкметнаму перасоўванню па сцежках, арганізацыі праходаў у плоце на мяжы. Пасля гэтага мігранты дзеляцца на групы 10-12 чалавек і перавозяцца на мяжу з Польшчай у размяшчэнне памежных застаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі