Польскім уладам вядома, як выглядае чалавек, які ўдарыў нажом Матэвуша Сітэка

Мемарыял перад шпіталем, дзе памёр польскі вайсковец, паранены на мяжы з Беларуссю

Мемарыял перад шпіталем, дзе памёр польскі вайсковец, паранены на мяжы з Беларуссю / Fotorzepa, Jakub Cegieła

Праваахоўным органам Польшчы вядома, як выглядае забойца Матэвуша Сітэка — 21-гадовага вайскоўца, які загінуў ад нажавога ранення, атрыманага на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita.

Момант нападу на Сітэка трапіў на камеры польскай памежнай службы, усталяваныя на мачтах. Злачынца відаць на кадрах, але яго фатаграфія размытая. Цяпер спецыялісты працуюць над малюнкам, каб палепшыць якасць.

"У нападніка смуглявая скура, што можа азначаць, што ён не афіцэр беларускіх службаў, а адзін з мігрантаў, якія знаходзяцца на беларускім баку", — прыводзіць выданне словы чалавека, які знаёмы з запісам. Польскія ўлады спадзяюцца, што апазнаць нападніка ім дапамогуць мігранты, якія цяпер знаходзяцца ў памежных цэнтрах. Раней, нагадаем, МЗС Польшчы запатрабавала ад беларускага боку вызначыць асобу і выдаць падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца.

Інцыдэнт з нажавым раненнем на мяжы Польшчы і Беларусі адбыўся 28 траўня. Група мігрантаў спрабавала прарвацца з беларускага боку на тэрыторыю Польшчы, польскія вайскоўцы іх не пускалі. Адзін з мігрантаў параніў салдата нажом, прывязаным да палкі. Матэвуша Сітэка ў цяжкім стане забралі ў бальніцу ў Гайнаўцы. Пазней яго перавялі для лячэння ў Варшаву, але выратаваць так і не змаглі — 6 чэрвеня ён памёр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі