У Памежным камітэце Беларусі пракаментавалі смерць польскага вайскоўца
Беларуска-польская мяжа
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі гатовы правесці расследаванне інцыдэнту, у выніку якога загінуў польскі вайсковец. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ведамства. Расследаванне можа быць праведзенае "ў выпадку атрымання канкрэтных звестак пра абставіны трагедыі". Пры гэтым яно можа праведзенае як у аднабаковым парадку, так і разам з польскімі калегамі.
У Памежным камітэце таксама заявілі, што адмоўна ставяцца "да любых праяваў агрэсіі і гвалту ў дачыненні да вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу". Там таксама адзначылі, што заўсёды былі гатовыя "да адкрытага і канструктыўнага дыялогу для пошуку адэкватных рашэнняў".
Нагадаем, учора стала вядома, што вайсковец, які атрымаў нажавое раненне на мяжы з Беларуссю, памёр. Інцыдэнт адбыўся 28 траўня. Польскага вайскоўца ўдарыў нажом, прывязаным да палкі, мігрант, які спрабаваў прарвацца на польскую тэрыторыю. Пасля гэтага ўлады Польшчы скіравалі на мяжу дадатковыя сілы. Прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.