Следчыя шукаюць кіроўцу BMW, які ўчыніў аварыю з таксі ў Мінску
13 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да кіроўцы BMW, які справакаваў аварыю на вуліцы Кальварыйскай у Мінску. Дзякуючы паказанням відавочцаў, было ўсталявана, што гэта адміністратар цэнтра “Нардзін”, 29-гадовы грамадзянін Расіі Вячаслаў Карнеевец. Адразу пасля ДТЗ ён пакінуў месца здарэння, аднак неўзабаве быў затрыманы. У выніку медыцынскага агляду высветлілася, што Вячаслаў Карнеевец знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення (падчас першага замеру было зафіксавана 0,94 праміле алкаголю, падчас другога — 0,68). Нягледзячы на гэта, стала вядома, што следчыя цяпер шукаюць кіроўцу BMW.
“Менш за суткі таму да нас прыйшлі дакументы з органаў дазнання, — каментуе прадстаўнік Следчага камітэта па Мінску Юлія Ганчарова. — Увесь гэты час мы бесперапынна працавалі, але месцазнаходжанне Вячаслава Карнееўца не ўсталяванае. Згодна з атрыманымі матэрыяламі, у працэсуальным парадку ён не затрымліваўся. Цяпер органу дазнання мы накіравалі даручэнне ўстанавіць яго месцазнаходжанне. Бо звязацца з ім якім-небудзь даступным спосабам нам не ўдалося. Цяпер чакаем вынікаў гэтага даручэння. Але ў вышук ён не абвешчаны. Працэсуальна гэта крыху іншая працэдура, для таго, каб гэта зрабіць, трэба папрацаваць не 20 сутак, а больш”.
Нагадаем, ноччу 7 кастрычніка аўтамабіль BMW 650i xDrive урэзаўся ў слуп і адляцеў на машыну таксі Opel Astra, якая рухалася ў спадарожным напрамку. Кіроўца таксі у выніку быў дастаўлены ў рэанімацыю, у яго дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму цяжкай ступені, траўматычнае субарахнаідальнае кровазліццё, пласціністыя субдуральныя гематомы над левым і правым паўшар'ямі галаўнога мозга, таксама пераломы левай і правай лапатак і папярэчнага атожылка пазваночніка. Па стане на 13 кастрычніка вядома, што кіроўца таксі знаходзіцца ў коме пад кругласутачным назіраннем медперсаналу. Лекары не жадаюць рабіць ніякіх прагнозаў.
Калегі пацярпелага распавялі, што Дзяніс валанцёр Чырвонага Крыжа, які не раз удзельнічаў у мерапрыемствах пры надзвычайных сітуацыях. Вядома, што ў яго ёсць маленькае дзіця. Каб дапамагчы сям'і пацярпелага, мінскія таксісты абвясцілі збор сродкаў сярод калег.
“Мы ніякіх рахункаў не адкрывалі, мы збіралі менавіта наяўныя грошы пад спіс, выключна сярод таксістаў, хто колькі можа, — кажа ініцыятар збору Зміцер. — Агулам атрымалася каля 2500 рублёў. Але пакуль яшчэ не ўсе здалі грошы, бо ён калісьці ўдзельнічаў у стварэнні “Мінскага аўтаканала 7FM”, а там асобна збіраюць. Яшчэ будзе асобны збор сродкаў паміж сябрамі Дзяніса. Таму пакуль не перадавалі грошы сям’і. Плануем усё разам перадаць у панядзелак”.
Па словах Змітра, гэта смешна, што цяпер не могуць знайсці кіроўцу BMW. Маўляў, дастаткова патэлефанаваць яго маці, якая з’яўляецца сузаснавальніцай медыцынскага цэнтра “Нардзін”.
На фота Вячаслаў Карнеевец
Цяпер Вячаславу Карнееўцу пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з забаронай займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.
Следчы камітэт звяртаецца з просьбай да грамадзян, якія маюць якія-небудзь звесткі, відэазапісы гэтага здарэння, паведаміць па тэлефонах: 8 (017) 389-54-50, 389-55-55, +375 (33) 333-67-19.
Варта адзначыць, што не так даўно Вячаслаў Карнеевец стаў удзельнікам скандалу з вядомым мінскім блогерам Антонам Матолькам. Адміністратар “Нардзін” пагражаў Антону расправай за тое, што блогер размясціў на сваёй старонцы ў Facebook фота прыпаркаванага не па правілах BMW 650i xDrive, якое цяпер і ўдзельнічала ў аварыі.