Справа ўладальніка "Данькоў-клуба"
Данькоў (Шыцік) Юрый Пятровіч — беларускі бізнесмен, заснавальнік і ўладальнік казіно і стрыптыз-клуба ў Мінску «Dankoff Club».
4 верасні 2012 года быў затрыманы па падазрэнні ў стварэнні ўмоў для заняцця прастытуцыяй. У гэты ж дзень у клубе быў праведзены ператрус і іншыя следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы.
Пазней Юрыю Данькову былі прад'яўленыя абвінавачванні яшчэ па 6 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сярод іх — ухіленне ад выплаты падаткаў, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, саўдзел у фальсіфікацыі доказаў па грамадзянскай або гаспадарчай справе, уцягванне ў заняцце прастытуцыяй, выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару.
У мінулым Юрый Данькоў ужо быў судзімы. У чэрвені 1986 яго прысудзілі да двух гадоў папраўчых работ па месцы працы з утрыманнем 20% з заробку ў даход дзяржавы, без канфіскацыі маёмасці за серыю аўтамабільных крадзяжоў.
Вытрымка з архіваў Ленінскага суда Мінска: “Падсудныя Шыцік Ю.П. і П., маючы намер на крадзеж асабістай маёмасці грамадзян па папярэдняй змове паміж сабой ... 21 красавіка 1986г. спрабавалі таемна выкрасці аўтамабіль ГАЗ-24 коштам 10.000 рублёў, які належыць Зубараву Л.І. .., аднак давесці свой злачынны намер да канца не змаглі па прычынах, што ад іх не залежаць, бо не змаглі завесці рухавік, працягваючы сваю злачынную задуму ў тую ж ноч, з той жа аўтамашыны яны забралі замок запальвання ... і люстэрка.
Яны ж 24 красавіка 1986 года каля гадзіны ночы з гаража, размешчанага ў двары дома N4 па вул. К.Маркса, які належыць Заўялкову А.Г., выкралі аўтамабіль ГАЗ-24 коштам 12.000 рублёў.
Дапытаныя на судовым пасяджэнні падсудныя Шыцік Ю.П. і П. вінаватымі сябе прызналі цалкам. Пры вызначэнні меры пакарання абодвум падсудным суд ўлічваў наступныя акалічнасці: чыстасардэчнае раскаянне абодвух падсудных, іх першую судзімасць, у цэлым станоўчыя характарыстыкі з месца працы, малады ўзрост і знаходзіць магчымым з улікам усіх абставінаў справы прымяніць да іх пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі».
У канцы 1990-х быў абраны дэпутатам Мінгарсавета. У гэты ж час змяняе прозвішча на Данькоў.
У 2001 годзе прайграў выбары ў Палату прадстаўнікоў і вырашыў балатавацца на пасаду прэзідэнта. Але Цэнтрвыбаркам забракаваў сабраныя подпісы: у падтрымку Данькова было сабрана 80.940 подпісаў. 18901 з іх прызнаныя несапраўднымі. Член ЦВК Надзея Кісялёва заяўляла, што падчас праверкі сапраўднасці подпісаў, сабраных ініцыятыўнай групай Ю.Данькова, былі выяўленыя факты "найгрубейшага" парушэння выбарчага заканадаўства. У падпісныя лісты ўносіліся прозвішчы людзей без іх ведама. Там апынулася нават прозвішча самой Надзеі Кісялёвай і яе сям'і. Акрамя таго ў падпісныя лісты былі ўнесены прозвішчы 15-16-гадовых падлеткаў. Праверку па гэтай справе праводзіла пракуратура. А ў дачыненні да студэнтак, якія “збіралі" подпісы была распачатая крымінальная справа.