Старшыня КДБ расказаў, адкуль на Беларусь рыхтуецца напад
Іван Тэртэль / minsknews.by
Старшыня КДБ Іван Тэртэль расказаў, адкуль спецслужбы чакаюць напад на Беларусь. Расповед прагучаў на сустрэчы кіраўнікоў сілавых ведмстваў з працоўнымі МТЗ 17 кастрычніка, перадаюць "Мінск-Навіны".
Тэртэль заявіў, што напад рыхтуецца з боку "беларускіх баевікоў", якія знаходзяцца за межамі краіны. Ён згадаў полк Каліноўскага і полк "Пагоня" ва Украіне: "Некалькі соцень баевікоў у агульнай складанасці знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, каля 80 чалавек — на тэрыторыі Польшчы і каля 60 — на тэрыторыі Літвы".
Напад на Беларусь, па словах старшыні КДБ, плануецца на лістапад 2022-га. "Яны разлічваюць, што Расія не зможа аказаць Беларусі садзейнічанне ў рамках саюзніцкіх стасункаў, пацерпіць паразу, вымушаная будзе пайсці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсці з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў Маларыцкім кірунку. Групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеннем, па іх планах, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтр. Затым да іх далучацца найміты з іншых краін пад выглядам добраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Мінска", — кажа Іван Тэртэль.
Дарэчы, год таму беларускія сілавікі расказвалі пра 150 джыпаў, якія прарвуцца праз беларускую мяжу з боку Вільні. Джыпы, мяркуючы па ўсім, дагэтуль не прайшлі беларускую мытню...
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.