Суд над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі зрабілі закрытым
Суд над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы. Гучны працэс пачаўся 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе (суддзя — Сяргей Хрыпач). Хадайніцтва аб слуханнях у закрытым рэжыме заявіў пракурор Раман Бізюк. Ён абгрунтаваў гэта тым, што ў крымінальнай справе ёсць "маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці".
Палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу. Хрыпач задаволіў хадайніцтва пракурора. Пасля гэтага прысутныя былі вымушаны пакінуць залу суда.
Марфу Рабкову, Аляксея Галаўко, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Мікіту Дранеца, Аляксандра Казлянка, Андрэя Марача, Данілу Чуля, Андрэя Чапюка, Паўла Шпетнага, Аляксандра Францкевіча абвінавачваюць у "арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле" ў анархісцкіх групах (кожнага абвінавачваюць па дзясятку артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ).
Матэрыялы крымінальнай справы дзесяці палітвязняў складаюцца з 160 тамоў! У іх апісаныя падзеі 2016-2020 гадоў. Палітычных зняволеных афіцыйна называюць "радыкаламі анархісцкага руху".
Праваабаронцы Рабковай пагражае да 15 гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.