Супрацоўнікі РНПЦ "Кардыялогія": мы як адна вялікая сям'я — адно за аднаго
Супрацоўнікі РНПЦ "Кардыялогія" вітаюць свайго дырэктара Аляксандра Мрочака 27 жніўня 2020 года / Еўрарадыё
Раніцай 27-га кастрычніка па дарозе на працу супрацоўнікі РНПЦ "Кардыялогія" выстраіліся ў ланцужок салідарнасці каля метро"Грушаўка". Да васьмі раніцы медыкі планавалі вярнуцца ў цэнтр і пачаць свой працоўны дзень. Але 11 чалавек з ланцужка затрымалі, а з Маскоўскага РУУС яны выйшлі з пратаколамі па артыкуле 23.34.
"Наш выхад быў звязаны з падзеямі, якія адбыліся ў нядзелю. Гэта была грамадзянская пазіцыя супрацоўнікаў, і мы яе выказвалі па-за межамі працоўнага часу", — тлумачаць супрацоўнікі цэнтра ў размове з Еўрарадыё.
Пасля весткі аб затрыманні калег медыкі РНПЦ "Кардыялогія" вырашылі адмяніць планавыя аперацыі.
"Усе былі салідарныя з нашымі калегамі, і ў гэтай сітуацыі было прынята рашэнне аб адмене планавых адкрытых хірургічных умяшанняў. Гэта значыць планавыя аперацыі на адкрытым сэрцы сёння былі адмененыя. Адзін з пацыентаў, які быў пададзены ў аперацыйную, сказаў, што салідарны з нашымі калегамі і згодны, каб аперацыя сёння не адбылася. Экстранныя працы не спыняліся", — падкрэсліваюць суразмоўцы Еўрарадыё.
"Калі б не затрыманні, усе запланаваныя мерапрыемствы адбыліся б у поўным аб'ёме"
Гэтымі днямі ў РНПЦ "Кардыялогія" праходзіць міжнародная канферэнцыя з удзелам расійскіх спецыялістаў. 27 кастрычніка ў рамках майстар-класа расійскіх арытмолагаў было запланавана чатыры аперацыі. З-за інцыдэнту з затрыманнем супрацоўнікаў аперацыі праводзіліся пазней за запланаваны час. Але тэлеканал АНТ раптам абвінаваціў супрацоўнікаў РНПЦ "Кардыялогія" ў зрыве канферэнцыі і безадказнасці:
"Супрацоўнікі Цэнтра выйшлі на пікет з недзяржаўнай сімволікай, а па сутнасці зладзілі правакацыю перад вялікай міжнароднай канферэнцыяй, якая павінна была прайсці ў цэнтры... [ ]. Аднак замест майстар-класаў і размоў на прафесійныя тэмы частка работнікаў РНПЦ вырашыла зладзіць паказальную акцыю, сарваўшы форум. Гэта як мінімум непавага да калег. А калі казаць наўпрост — сваімі безадказнымі дзеяннямі яны мэтанакіравана паставілі пад пагрозу жыццю і здароўе людзей. Была заблакаваная магчымасць экстранай дыягностыкі і лячэння крытычных пасляаперацыйных ускладненняў. Да поўдня ўсіх затрыманых медыкаў адпусцілі, яны адправіліся на працу".
Медыкі цэнтра называюць абвінавачванні дзяржканала беспадстаўнымі:
"Яны хочуць прадставіць, што гэта была нейкая запланаваная акцыя, каб сарваць гэтую канферэнцыю з удзелам расійскіх спецыялістаў. Мы гаворым абсалютна адказна, што гэта надуманая інфармацыя. Мы ніколі не былі супраць канферэнцый, мы заўсёды за тое, каб навучыцца новаму, каб павысіць свой узровень. І калі б не адбыліся гэтыя затрыманні, усе запланаваныя мерапрыемствы адбыліся б у поўным аб'ёме".
"Калі б не затрымалі калег, якія выйшлі ў свой непрацоўны час, ніхто б ніяк не адрэагаваў. А тут затрымалі, а мы адно з адным салідарныя — мы як адна вялікая сям'я, адно за аднаго", — тлумачаць нашы суразмоўцы.
Усе планавыя аперацыі, што не адбыліся з-за сітуацыі, якая склалася ў аўторак, пройдуць у РНПЦ "Кардыялогія" ў сераду, 28 кастрычніка.
"Ні ў якім выпадку медыкі не хочуць нашкодзіць пацыентам. Але мы таксама людзі і выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю", — кажуць спецыялісты.
"Калі за грамадзянскую пазіцыю нас заўтра раніцай не затрымаюць — усё будзе ў звычайным штатным рэжыме"
Забіраць супрацоўнікаў з РУУС прыехала новая дырэктарка цэнтра Наталля Міцькоўская. Яе прызначылі на месца звольненага ў канцы жніўня Аляксандра Мрочака: акадэмік не перашкаджаў сваім супрацоўнікам выступаць супраць гвалту ў непрацоўны час пасля падзей 9-11 жніўня.
"Вядома, я не магла не паехаць туды, дзе яны знаходзіліся. Гэта нармальная рэакцыя кіраўніка і калегі. Тут няма нічога асаблівага. Мне толькі невымоўна шкада, што мне не давялося пачуць лекцыю бліскучага расійскага арытмолага, прэзідэнта Еўразійскай асацыяцыі арытмолагаў прафесара Андрэя Ардашава", — цытуе словы Міцькоўскай ТГ-канал Міністэрства аховы здароўя.
Паводле слоў супрацоўнікаў, новая дырэктарка цэнтра ведае пра іх пазіцыю. Прычым, падкрэсліваюць суразмоўцы Еўрарадыё, гэта пазіцыя большасці калег. І затрыманне медработнікаў раніцай 27 кастрычніка не азначае, што яны перастануць выходзіць на вуліцы і выступаць за спыненне гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян.
"Калі за грамадзянскую пазіцыю нас заўтра раніцай не затрымаюць — усё будзе ў звычайным штатным рэжыме. Запрашаем вас заўтра на станцыю метро "Грушаўка" з відэакамерамі", — усміхаюцца медыкі.
"Хто ж будзе тады лячыць тых, хто заўзята падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча?"
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка на чарговым пасяджэнні згадаў грамадзянскую актыўнасць людзей у белых халатах:
"Нікога не трэба ўгаворваць — ні рабочых, ні студэнтаў, ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых... Хай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць", — гэтыя словы гучаць ці то як савет, ці то як пагроза. Але звальненняў супрацоўнікі РНПЦ "Кардыялогія" не баяцца:
"Паводле слоў нашага ўрада, у нас "свабодная краіна", дзе мы можам свабодна выказваць свае думкі, пачуцці, абсалютна абгрунтавана, у рамках Канстытуцыі. Мы гэтым кіруемся, і наш урад у адказ павінен кіравацца канстытуцыйнымі правамі — гэта тычыцца ўсіх: пачынаючы ад прэзідэнта і заканчваючы самым шараговым чалавекам, тычыцца таксама нашых сілавых структур. Але чамусьці мы бачым патрабаванні захавання правоў толькі да людзей, якія занятыя на сваіх працоўных месцах. А ўсе астатнія — сілавыя структуры і члены ўрада — у нас па-за законам", — абураюцца медыкі.
— Проста ўсіх не заменіш. Калі ён усіх пазвальняе лекараў, хто ж будзе тады лячыць тых, хто заўзята падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча?
Паводле слоў супрацоўнікаў РНПЦ "Кардыялогія" , не ўсім па душы іх салідарнасць з калегамі і рашэнне адмяніць планавыя аперацыі:
"Але яны павінны зразумець: у гэтай сітуацыі аднаму з іх цяпер можа стаць дрэнна, адбудзецца інфаркт і, калі нас звольняць, не будзе чалавека, хто акажа ім дапамогу. Будзе вельмі шмат міжвольных ахвяр. Не таму што ёсць нежаданне аказваць дапамогу, а таму што ніхто не зможа гэта зрабіць. У нас у медыцыне і так недахоп людзей — і лекараў, і медсясцёр, і санітарак. Раскідвацца высокакваліфікаванымі спецыялістамі з боку Аляксандра Рыгоравіча вельмі немэтазгодна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.