Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць Аляксандра Кулініча

Аляксандр Кулініч

Аляксандр Кулініч / тг-канал Ціханоўскай

Не хочацца верыць, што гэта ўжо шостая смерць беларуса ў турме. Так Святлана Ціханоўская адрэагавала на паведамленне пра смерць у СІЗА Аляксандра Кулініча.

"Невыносна нават уяўляць, у якіх умовах людзі знаходзяцца за кратамі, калі іх утрыманне прыводзіць да такіх трагедый. Мяне не пакідае боль ад думак пра загінулых у няволі — у тым ліку таму, што больш за год я нічога не ведаю пра лёс свайго мужа", — кажа Ціханоўская.

Як паведамляла Еўрарадыё, падпалкоўнік запасу Аляксандр Кулініч быў затрыманы 29 лютага па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі. 16 красавіка мусіў адбыцца суд над ім, але 9 красавіка (за два дні да свайго дня нараджэння) Кулініч памёр. Афіцыйна прычынай смерці называецца ішэмічная хвароба сэрца.

Па словах Ціханоўскай, Кулініч страціў жыццё праз абсурднае абвінавачванне ў абразе Лукашэнкі: "Заяўленая прычына смерці — ішэмічная хвароба сэрца — не можа служыць апраўданнем. Кожны чалавек, які знаходзіцца пад вартай, мае права на належны догляд і абарону здароўя. Відавочна, што гэта не было забяспечана. Як не была раней забяспечана дапамога загінулым у турмах Алесю Пушкіну, Ігару ледніку, Вітольду Ашурку. Як не забяспечваецца сёння Рыгору Кастусёву, Марыі Калеснікавай і Алесю Бяляцкаму, стан якіх пагаршаецца з кожным днём".

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў выказала спачуванні родным і блізкім Аляксандра Кулініча.

Яна таксама звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў: "Я заклікаю нашых еўрапейскіх партнёраў і ўсю міжнародную супольнасць да актыўных дзеянняў. У беларускіх турмах гінуць людзі, і мы павінны рабіць усё магчымае, каб запусціць працэс вызвалення тых, хто апынуўся за кратамі праз палітычны пераслед".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі