Сябра партыі БНФ прызнаўся ў супрацы з КДБ
Сябра Сойма партыі БНФ Зміцер Каспяровіч прызнаўся ў супрацы з КДБ, піша радыё, якое фінансуецца ўрадам ЗША.
Пасля выбараў 2020-га Каспяровіч з'ехаў з Беларусі, але на пачатку сакавіка 2022 года вярнуўся, паспадзяваўшыся на адлігу пасля "рэферэндуму".
"Былі пэўныя сігналы... Хаця не выключаю, што ўсё гэта я проста сам сабе прыдумаў, хутчэй за ўсё, што так і было. Я прыехаў у Мінск часова. Трэба было вырашыць пэўныя юрыдычныя праблемы. Літаральна праз паўтара дні пасля прыезду ў маю кватэру на вуліцы Бяды а дзясятай раніцы спрабавалі ўварвацца людзі з аўтаматамі, шчытамі, у масках", — распавядае саракагадовы Каспяровіч, які цягам дваццаці гадоў уваходзіў у розныя нацыянальна арыентаваныя арганізацыі.
На той момант Каспяровічу атрымалася пазбегчы арышту — дапамаглі колішнія заняткі скалалазаннем. З балкону чацвёртага паверху басаногі Каспяровіч апынуўся на другім, а адтуль скокнуў на зямлю, зламаўшы пятку. Пасля гэтага актывіст пяць дзён хаваўся ў сябра. Быў варыянт нелегальна перайсці мяжу, але як гэта зрабіць з паламанай нагой? Да таго ж усе гэтыя дні Каспяровічу тэлефанавалі з незнаёмых нумароў і прасілі вярнуцца дадому, маўляў, вам нічога не будзе.
"У выніку я вырашыў сам выйсці на КДБ, з кантактам дапамаглі знаёмыя. Мне далі нумар, я набраў яго на whatsapp і прапанаваў сустрэчу", — працягвае Каспяровіч.
Спатканне, па словах Змітра, адбывалася на Паўночных могілках. Ён прыехаў туды на аўтамабілі, супрацоўнік КДБ — таксама.
"У тым месцы шмат усялякіх развязак, каб хутчэй паспрабаваць уцячы. Усё трымалася на "чэсным" слове. Ён сеў у маю машыну, і мы крыху ад’ехалі. Фактычна, я сказаў, што не супраць супрацоўніцтва", — кажа актывіст.
Падчас другой сустрэчы з супрацоўнікам КДБ да Каспяровіча былі прыстаўленыя два чалавекі. Дома ў яго было праведзена некалькі допытаў. А потым была нават п'янка з прыстаўленымі супрацоўнікамі — фронтавец упэўнены, што іх размова запісвалася. Пазней Зміцер прайшоў паліграф — у гатэлі "Манастырскі", што ў Верхнім горадзе.
"Я прайшоў паліграф. Я шмат з кім камунікую, у мяне шмат знаёмых, адкуль я магу ведаць, ці хтосьці з іх працуе ў спецслужбах. Праз пару дзён з кватэры з'ехалі супрацоўнікі КДБ, якіх да мяне прыставілі. Куды я магу ўцячы з паламанымі нагамі? Адзінае патрабаванне ад мяне было паведамляць пра ўсе выхады з кватэры. Я так ад гэтага стаміўся, што пачаў нават груба адказваць, ці трэба мне паведамляць, калі я захачу памастурбаваць не ў хаце? Кажуць, не, пра такое не трэба. А вось з кім сустракаюся і размаўляю — абавязкова. У той час я свядома абмежаваў усе свае кантакты, каб нікога не падставіць", — кажа актывіст.
Ён сцвярджае, што супрацоўнікаў спецслужбаў найбольш цікавілі палітыкі, якія з'ехалі.
"Мяне ўвесь час распытвалі пра Варшаву — Латушку, Лявончыка, чамусьці Дзіянава. Як я зразумеў, у іх няма нармальных агентаў там, таму і вырашылі — раптам са мной атрымаецца. Калі б мяне пасадзілі паводле 342 артыкулу, то нічога асабліва б не было, а тут з'явіўся шанец, што я буду сачыць за рознымі людзьмі", — распавядае Зміцер.
Мяжу з Літвой фронтавец перасякаў на аўтобусе і спачатку быў затрыманы.
"Я быў у спісах на арышт. Мне атрымалася патэлефанаваць чалавеку ў КДБ, які паабяцаў, што мяне "адмажуць". Празь 2,5 гадзіны мяне адпусцілі. Калі я перасёк мяжу, то адразу быў гатовы расказаць сваю гісторыю журналістам. Гаварыць праўду — гэта найлепшая абарона".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.