Сёння 60 гадоў з дня нараджэння легендарнага Аляксандра Пракапенкі (відэа)
Футбаліст выступаў за мінскае “Дынама”, у яго складзе ў 1982-м стаў чэмпіёнам СССР.
Футбольным амплуа Аляксандра Пракапенкі была пазіцыя паўабаронцы. Яго стыль гульні вылучаўся хуткасцю, спрытам і выдатнай тэхнікай. Футбаліст знаходзіўся на полі ў пастаянным руху і ўсе гульнявыя дзеянні выконваў на вялікай хуткасці. Пракапенка ўмеў добра арыентавацца на полі, вылучаўся арыгінальнасцю рашэнняў і валодаў прыцэльнымі ўдарамі з абедзвюх ног.
За мінскае “Дынама” ён гуляў у 1972-1983 гадах, пакуль яго не адлічылі з каманды "за сістэматычнае парушэнне рэжыму". Пэўны час ён лекаваўся ад алкагалізма, пасля гуляў за магілёўскае “Дняпро” і бакінскі “Нефтчы”. У чэмпіянатах СССР сярод каманд вышэйшай лігі правёў 168 матчаў і забіў 52 галы, нагадвае Прессбол.
Аляксандр Пракапенка памёр заўчасна і раптоўна: увечары 29 сакавіка 1989 года яму стала блага ў мінскім рэстаране і ўратаваць спартсмена не змаглі. Пахаваны легендарны футбаліст на могілках у вёсцы Токары Бабруйскага раёна.