Сёння ЦЕРН афіцыйна спыняе супрацу з Расіяй і Беларуссю
Навука
Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях сёння афіцыйна спыняе супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, піша швейцарскае выданне Swissinfo. Гэты крок — рэакцыя на ўварванне Расіі ва Украіну.
ЦЕРН з'яўляецца самым буйным у свеце цэнтрам фундаментальных даследаванняў у галіне фізікі элементарных часціц. Менавіта там знаходзіцца Вялікі адронны калайдар.
Рашэнне краін-удзельніц арганізацыі спыніць кааперацыю з Мінскам і Масквой закране перш за ўсё навуковыя інстытуты. Гэта значыць, што тэарэтычна навукоўцы могуць працягнуць удзел у некаторых праектах па лініі ЦЕРН. Але могуць сутыкнуцца з невідавочнымі праблемамі, пра якія Еўрарадыё распавядала раней.
У адказ на расійскае ўварванне ва Украіну 24 краіны-ўдзельніцы ЦЕРН у снежні 2023 года прынялі рашэнне спыніць супрацоўніцтва з расійскімі і беларускімі навуковымі інстытутамі. Гэта рашэнне было анансавана яшчэ ў 2022 годзе, а цяпер уступіла ў сілу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.