"Вашы пакуты прынясуць плён" — Валенса звярнуўся да беларусаў
Алесь Бяляцкі / sb.by
Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Ён адзначаецца ўжо 12-ы раз, нагадвае "Вясна". Дата 4 жніўня была абраная не выпадкова — менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе быў арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Нягледзячы на вызваленне Алеся Бяляцкага ў 2014 годзе, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заявілі, што не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці: "Будзем адзначаць гэты дзень штогод да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца, пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды".
Сёлета Алесь Бяляцкі зноў сустракае Дзень салідарнасці за кратамі. Нобелеўскі лаўрэат, кіраўнік ПЦ "Вясна" ў сакавіку 2023-га за праваабарончую дзейнасць быў асуджаны на 10 гадоў калоніі. Валянцін Стэфановіч быў асуджаны на 9 гадоў зняволення, а Уладзімір Лабковіч — на 7 гадоў. Праваабаронцы прызнаныя палітвязнямі.
У Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі са зваротам да беларусаў звярнуўся Лех Валенса, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, адзін з заснавальнікаў і лідар грамадскага руху "Салідарнасць", былы прэзідэнт Польшчы. "Вашы пакуты прынясуць плён", — кажа ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.