Тактычную ядзерную зброю з Расіі яшчэ не прывезлі ў Беларусь — Рыбакоў
Прапаганда часова "забылася" пра ядзерную зброю / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Тактычную ядзерную зброю з Расіі яшчэ не прывезлі ў Беларусь. Пра гэта заявіў падчас дэбатаў у ААН пастаянны прадстаўнік РБ пры арганізацыі Валянцін Рыбакоў.
"Гэта аб'ява аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Рэспубліцы Беларусь — найперш гэта проста заява. Нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах", — цытуе словы Рыбакова ria.ru.
Пра запланаванае размяшчэнне ў нашай краіне тактычнай ядзернай зброі 25 сакавіка заявіў Уладзімір Пуцін. Паводле яго слоў, будаўніцтва спецсховішча мусіць быць скончанае да 1 ліпеня 2023-га. Пра стратэгічную ядзерную зброю Пуцін нічога не гаварыў. Яе згадаў 31 сакавіка ў "пасланні" Аляксандр Лукашэнка: "Трэба будзе, мы з Пуцным увядзем сюды і стратэгічную ядзерную зброю! Мы ні перад чым не спынімся!"
Лукашэнка абгрунтоўвае магчымае "вяртанне" ядзернай зброі ў Беларусь пагрозай "агрэсіі з Захаду". NATO працягвае "сачыць за тым, што Расія робіць, у тым ліку за тым, што тычыцца любога патэнцыйнага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.