"Запалохванне, каб спыніць падтрымку Украіны" — NATO пра планы Пуціна ў Беларусі
Енс Столтэнберг / Reuters
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг выказаўся пра планы Уладзіміра Пуціна размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. "...Гэта частка шаблону небяспечнай і безадказнай ядзернай рыторыкі, у якой Расія і прэзідэнт Пуцін спрабуюць ужываць ядзерную зброю як спосаб перашкодзіць нам у падтрымцы Украіны, — цытуе словы Столтэнберга "Белсат". — Запалохванне і ціск, каб спыніць падтрымку Украіны чальцамі і партнёрамі NATO ў іхным праве абараняць іхную краіну... Нас не запужаць, мы працягнем падтрымліваць Украіну".
NATO працягвае "сачыць за тым, што Расія робіць, у тым ліку за тым, што тычыцца любога патэнцыйнага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі". 4 красавіка ў Бруселі збяруцца міністры замежных справаў краін Паўночнаатлантычнага альянсу. Яны прывітаюць Фінляндыю як новага чальца NATO.
25 сакавіка Пуцін заявіў, што Расія размесціць у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю і што для яе будуецца сховішча. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сказаў у "пасланні", быццам Беларусь таксама будзе мець кантроль над расійскай ядзернай зброяй. Масква ж гэтага не пацвярджае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.