Толькі ў 15% тых, хто паступае ў Беларускі педуніверсітэт, 300 і больш балаў
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт / @bspu_official
Сёлета Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт, падобна, зноў не зможа пахваліцца вялікай колькасцю моцных абітурыентаў. Паводле рэктара ўніверсітэта Аляксандра Жука, 300 балаў і вышэй (з 400 магчымых) маюць толькі 15% абітурыентаў.
Пры гэтым моцныя абітурыенты выбіраюць, да прыкладу, спецыяльнасць "спецыяльная і інклюзіўная адукацыя". Тут такіх (з баламі больш за 300) — каля 50%. Які сярэдні бал у абітурыентаў, якія хочуць стаць настаўнікамі пачатковых класаў, фізікі і матэматыкі, Жук не расказаў. Але, відаць, карэнным чынам сітуацыя не змянілася. У мінулыя гады было адчуванне, што ў педуніверсітэт часта ідуць па рэшткавым прынцыпе, калі не хапае балаў для паступлення ў больш прэстыжныя ВНУ. Пра небяспеку гэтай сітуацыі — нізкі ўзровень абітурыентаў, якія ідуць у настаўнікі — раней неаднаразова пісалі эксперты.
Пры гэтым Жук кажа, што колькасць матываваных абітурыентаў расце. Сёлета ўніверсітэт атрымаў заявы ад 238 выпускнікоў педагагічных класаў. Гэта амаль 30% ад набору на дзённую бюджэтную форму. Летась такіх абітурыентаў было 184. Па словах рэктара, "гэта высокаматываваныя і добра падрыхтаваныя абітурыенты, якія ўжо ведаюць асновы педагагічнай прафесіі і робяць свядомы выбар на карысць педагагічнай прафесіі". Жук таксама адзначыў, што самы вялікі конкурс склаўся на спецыяльнасць "псіхалогія" — больш за 5,5 чалавека на месца, "арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам" — 5,4 чалавека на месца, "мастацкая адукацыя" — 3,4, "гістарычная адукацыя" — больш за 3 чалавекі на месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.