Топ-5 навінаў тыдня
У Беларусі пачала працаваць Місія МАГАТЭ
16 студзеня ў Беларусь прыехала місія МАГАТЭ, яе эксперты правядуць інспекцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС і складуць адпаведную справаздачу. Тэкст дакумента з'явіцца не раней за сакавік.
Пры гэтым, на думку эксперта ў галіне атамнай энергетыкі Андрэя Ажароўскага, не варта чакаць, што ацэнкі міжнароднай місіі неяк паўплываюць на будаўніцтва Беларускай АЭС.
Беларускія праваабаронцы з незарэгістраванага цэнтра “Вясна” апублікавалі вынікі маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2016 год. У дакладзе адзначаецца, што за гэты перыяд вырасла колькасць смяротных прысудаў, павялічылася лічба штрафаў, але пры гэтым выбары прайшлі без рэпрэсій, а замест сутак актывістаў пачаліактыўна штрафаваць.
17 студзеня Аляксандр Лукашэнка завяршыў свой афіцыйны візіт у Судан. Кіраўнік Беларусі абмеркаваў з уладамі гэтай афрыканскай краіны пастаўкі лекаў, здабычу карысных выкапняў і супрацоўніцтва ў сферы IT.
Аднак вядома, што Беларусь і Судан звязвае яшчэ і шматгадовы гандаль зброяй. За апошнія 20 гадоў, па розных дадзеных, наша краіна прадала Хартуму мінімум 69 танкаў, 27 баявых самалётаў, а яшчэ некалькі сотняў іншай ваеннай зброі.
На гэтым тыдні ў Давосе адкрыўся 47-ы Сусветны эканамічны форум. Ён сабраў звыш 3 тысяч удзельнікаў з больш чым 70 краін свету. Аднак прадстаўнікоў Беларусі на гэтым форуме няма. Прычым, ужо шмат гадоў.
Тым часам у Давосе вырашаюцца самыя вострыя сусветныя праблемы, не толькі эканамічныя, але і аховы здароўя, навакольнага асяроддзя ды іншых глабальных выклікаў.
Еўрарадыё высвятляла: чаму Беларусь чарговы год ігнаруе Сусветны эканамічны форум у Швейцарыі.
Беларусь павінна знайсці альтэрнатыўныя варыянты ў сувязі са скарачэннем паставак расійскай нафты. Пра гэта 20 студзеня заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі распавёў, што гэтая праблема абмяркоўвалася яшчэ напрыканцы 2016 года. І ўжо тады беларускія ўлады апрабавалі на практыцы некаторыя іншыя варыянты. Напрыклад, дастаўку нафты з Чорнага і Міжземнага мораў на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі.
Аднак некаторыя эксперты сцвярджаюць, што пакуль ідуць перамовы па нафце з Расіяй, думаць пра іншыя варыянты рана.