Топ-5 навінаў тыдня

Топ-5 навінаў тыдня

Лукашэнка аб'явіў амністыю "дармаедам", заплачаныя грошы будуць вяртаць

Да канца года ўлады больш не будуць спаганяць так званы “падатак на дармаедства”. Пра гэта 9 сакавіка заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак цалкам адмяняць дэкрэт №3 кіраўніцтва краіны пакуль не збіраецца. Пры гэтым улады абяцаюць вярнуць “дармаедам” ужо заплачаныя грошы. 

Топ-5 навінаў тыдня
Фота: Скрыншот з трансляцыі Радыё Свабода

Увечары 10 сакавіка ў Маладзечне прайшла "акцыя недармаедаў". На Цэнтральнай плошчы горада сабраліся сотні людзей. З Мінску прыехалі апазіцыйныя дзеячы Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч ды Віталь Рымашэўскі.

Выступоўцы, у тым ліку і мясцовыя жыхары, патрабавалі поўнай адмены дэкрэта №3. Да іх выйшаў старшыня Маладзечанскага райвыканкама і запрасіў прыслаць дэлегатаў у райвыканкам.

Аднак пасля акцыі міліцыянты жорстка затрымалі Лябедзьку і Губарэвіча, ды іншых актыўных удзельнікаў шэсця.

Топ-5 навінаў тыдня
Фота: БелТА

На нарадзе 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка жорстка адказаў расійскаму прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Напярэдадні, на пасяджэнні ў рамках ЕАЭС Мядзведзеў заявіў свайму беларускаму калегу Андрэю Кабякову, што Беларусь у гэтай арганізацыі "сілком ніхто не трымае".

Пры гэтым, па словах Мядзведзева, калі наша краіна выйдзе з ЕАЭС, то ёй прыйдзецца купляць газ па еўрапейскіх коштах.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, расійскі прэм’ер мусіць зразумець, што газ яму не належыць, таму палітыку не варта палохаць Беларусь такімі заявамі. Кіраўнік нашай краіны падкрэсліў, што калі Беларусь будзе плаціць за расійскі газ па еўрапейскіх коштах, то "Мядзведзеву таксама прыйдзецца за штосьці заплаціць". 

Топ-5 навінаў тыдня
Анархісты ідуць на чалае калоны падчас акцыі супраць дэкрэта № 3 у Брэсце.

У Брэсце пасля "маршу недармаедаў" затрымалі пяцярых анархістаў. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад Аляксандры — дзяўчыны аднаго з затрыманых.

Дзяўчына распавяла, што міліцыянты затрымалі маладых людзей на выхадзе з грамадскага транспарту. У выніку 6 сакавіка анархістаў асудзілі на адміністрацыйны арышт.

Топ-5 навінаў тыдня
Фота: minsknews.by

2000 удзельніц сабраў 8 сакавіка лёгкаатлетычны забег BeautyRun, які прайшоў у беларускай сталіцы. На час спартовага свята рух транспарту ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі быў перакрыты.

Старт і фініш забегу быў прызначаны на плошчы Незалежнасці. Тыя, хто бег 2 км, разварочваліся назад каля ГУМа. Хто абраў для сябе 5-кіламетровую трасу, разварочваўся на плошчы Перамогі.

Сярод іншых у забегу ўзялі ўдзел бронзавая прызёрка Алімпіяды-2012 па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына, а таксама "Міс Беларусь-2008" Вольга Хіжанкова.

Слухаць цалкам:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі