Топ-5: навіны 1 лютага
Расія ўводзіць рэжым памежнай зоны на мяжы з Беларуссю
З 7 лютага Расія ўводзіць памежны рэжым на мяжы з Беларуссю. Адпаведны загад падпісаў кіраўнік расійскага ФСБ Аляксандр Бортнікаў.
Як інфармуе тэлеканал "Звезда", такое рашэнне ў Маскве прынялі для "стварэння неабходных умоваў аховы" дзяржаўнай мяжы на расійска-беларускім участку.
Пакуль не вядома, ці звязана гэта з тым, што Беларусь у лютым уводзіць бязвізавы рэжым (на 5 дзён для грамадзян 80 краін свету.
У Беларусі збіраюцца скараціць тэрміны навучання ў ВНУ па некаторых спецыяльнасцях. Пра гэта заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Па яго словах, такіх спецыяльнасцяў у нашай краіне каля 50.
Пры гэтым міністр адзначыў, што ёсць напрамкі, па якіх перавесці навучанне на скарочаны тэрмін немагчыма. Гаворка ідзе пра медыцыну, архітэктуру ды спецыяльнасці звязаныя з ядзернай энергетыкай. Там, на думку чыноўніка, патрабуецца больш працяглая падрыхтоўка.
Да 2020 года ўлады Беларусі плануюць прыцягнуць 75 мільярдаў долараў замежных інвестыцый. Гэтая сума ў паўтара раза перавышае штогадовы валавы ўнутраны прадукт нашай краіны.
Па словах першага намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, большая частка гэтых грошаў пойдзе на дапамогу прамысловым прадпрыемствам.
Украінскага журналіста Віталя Сізова, які прыехаў са здымачнай групай "Грамадскага тэлебачання Данбасу", затрымалі ўначы ў Мінску. Журналіст незалежнага ўкраінскага тэлеканала, які вяшчае на Данбас, мусіў асвятляць перамовы Трохбаковай кантактнай групы, якія пачаліся 1 лютага ў Мінску. Пры гэтым ён атрымаў акрэдытацыю МЗС Беларусі.
Журналіст правёў у Цэнтральным РУУС Мінска амаль тры гадзіны. У выніку Сізову паведамілі, што на працягу 24 гадзін ён мусіць пакінуць Беларусь, бо знаходзіцца ў расійскім "чорным спісе". Паколькі Беларусь уваходзіць з Расіяй у саюзную дзяржаву, то знаходзіцца ў нашай краіне журналісту таксама забаранілі.
Міністэрства замежных спраў Польшчы скасавала дамову з тэлеканалам "Белсат". Пра гэта паведаміў дзяржсакратар польскага МЗС Марэк Зюлкоўскі.
Па яго словах, за 8 гадоў дапамога "Белсату" ад МЗС Польшчы склала 50 мільёнаў долараў. А гэта амаль траціна ад агульнага аб’ёму дапамогі ўсім беларускім праектам.
Тым часам, па словах дырэктаркі Белсата Агнешкі Рымашэўскай, нягледзячы на спыненне дамовы, да канца года на тэлеканале ўсё павінна застацца, як і раней.