Трампа зноў абвінавачваюць ў спробе перагледзець вынікі выбараў
Дональд Трамп
У ЗША спецыяльны пракурор Джэк Сміт перафармуляваў абвінавачванне па справе Дональда Трампа. Нагадаем, яго абвінавачваюць у спробах перапісаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У справе чатыры пункты: змова з мэтай падмануць дзяржаву, змова з мэтай перашкодзіць афіцыйным працэдурам, спроба перашкодзіць афіцыйным працэдурам і змова з мэтай парушэння правоў грамадзян.
Раней Вярхоўны суд пастанавіў, што Трамп валодае імунітэтам ад крымінальнага пераследу за дзеянні, якія ён здзейсніў афіцыйна ў якасці прэзідэнта. Пры гэтым у пастанове адзначалася, што ад пераследу за неафіцыйныя дзеянні Трамп не абаронены.
У новым тэксце абвінаваўчага заключэння спецпракурор пакінуў усе чатыры пункты, але зрабіў акцэнт на тое, што Трамп дзейнічаў як кандыдат у прэзідэнты, а не як прэзідэнт. Трамп ужо адрэагаваў на новыя абвінавачванні. У сваёй заяве на платформе Truth Social ён заявіў, што пастанова Вярхоўнага суда аб імунітэце павінна прывесці да адхілення ўсёй справы. Трамп кажа, што "Сміт перапісаў тое ж самае, спрабуючы абыйсці рашэнне Вярхоўнага суда".
Reuters лічыць малаверагодным, што справа будзе перададзена ў суд перад выбарамі 5 лістапада. Нагадаем, Трамп зноў змагаецца за прэзідэнцкую пасаду. Яго суперніцай на гэтых выбарах выступае кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс. У цяперашні час яна займае пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.