"Трапіла ў суседні дом. Там быў ЖЭК. ЖЭКа ўжо няма": гісторыя эвакуацыі з Ірпеня
"Ірпень — прыгожы горад. Быў" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У 2020 годзе беларусы Каця і Мікіта ўдзельнічалі ў пратэстах. Праз год, летам 2021-га, пасля ператрусу КДБ яны ўзялі гітару — і выехалі з краіны. І спыніліся ў Ірпені.
На гэты дзень назву невялікага гарадка Ірпень пад Кіевам ведае кожны, хто за апошні месяц хоць раз адкрываў стужку навін. За Ірпень, суседнія Гастомель і Бучу да гэтага часу ідуць баі.
У першыя ж дні вайны не засталося мастоў, якія злучалі Ірпень з Кіевам. Калі падарвалі чыгуначнае палатно, шляхоў для адступлення ў мясцовых жыхароў засталося яшчэ менш.
— Калі ўсё вакол выбухала, як у кіно, я падумала: калі трапіць, хай трапіць дакладна. Не хочацца паміраць пад заваламі трое сутак. Але неяк абышлося. Затое пасля таго дня мне, здаецца, нічога не страшна.
Цяпер Каця, Мікіта і кот спыніліся ў Львове. Тут пастаянна гучаць сірэны. У Ірпені яны не гучалі — там хлопец з дзяўчынай чулі толькі пастаянныя выбухі. Кацярына расказала нам, як выжываць у падвалах з адной коўдрай. І як ёй, Мікіту і кату ўсё ж удалося выбрацца з Ірпеня.
"Па прыколе купілі кансервы "на выпадак вайны" і з'елі іх у той жа вечар"
Увечары 23 лютага хлопец з дзяўчынай зайшлі ў супермаркет, каб купіць тры бляшанкі кансерваў. Маўляў, вунь, людзі ж купляюць, да вайны рыхтуюцца. Але ўвечары паленаваліся гатаваць, кансервы адкрылі. Да пачатку вайны заставалася некалькі гадзін.
— Я наогул праспала вайну. У той вечар мы праседзелі да чатырох раніцы — нічога не адбывалася. Прачнулася я каля 11 — на гэты час быў прызначаны працоўны сазвон. Падключаюся, на мяне ўсе накідваюцца: ты як? Ты жывая?
А я не разумею, што адбываецца. Людзі кажуць: вайна пачалася! Я ім: якая вайна? У колькі яна пачалася? Я да чатырох раніцы не спала, нічога не было! А вайна, аказваецца, пачалася а пятай.
Першая рэакцыя — не верыш.
Хлопец з дзяўчынай надумалі на ўсялякі выпадак зняць наяўныя грошы ў банкамаце. Выйшлі з дому — з боку Гастомеля, куды раней ездзілі па пакупкі, цягнуўся слуп дыму.
— Літаральна да неба, як пасля ядзернага выбуху. Як у кіно. Тады мы зразумелі, што ўсё сур'ёзна.
Каця напісала ў чат беларусаў: вырашыла параіцца, ці варта з'язджаць. У чаце напісалі: будзем заставацца!
— Я супакоілася: не люблю мітуслівых збораў. На наступны дзень ужо не было мастоў, а беларусы, якія збіраліся заставацца, паспелі зваліць.
Першая спроба выбрацца і першы падвал: "Паспелі заняць нейкі стол"
— На другі дзень вайны мы паспрабавалі выехаць у Львоў. Запісаліся на эвакуацыйны аўтобус ад Belarus Free Center: гэтыя аўтобусы адпраўляюцца з Кіева. Шукаю таксі, каб дабрацца да горада — а таксі няма. Прапаную любыя грошы — усё роўна ніхто не едзе ў Кіеў. Паралельна чытаю ў навінах, што ўезд у горад забаронены.
Каця папрасіла, каб аўтобус падабраў яе і Мікіту на трасе. Хлопец з дзяўчынай сабралі рэчы. Нічога карыснага — толькі памятнае, бо аўтобус павінен быў прывезці беларусаў у больш-менш бяспечны Львоў. Каця ўзяла камп'ютар, белую сукенку і гарсэт. Ката. У апошні момант схапіла коўдру.
Мікіта абураўся: навошта цягнуць коўдру? Праз некалькі гадзін выявіцца, што гэта самая карысная рэч, якая будзе ў іх з сабой. Таму што арганізатары эвакуацыйнага рэйса перазвоняць і скажуць, што на трасе шукаць нікога не будуць.
— У выніку таксіст за 1000 грыўняў — звычайна такі шлях каштуе каля 50 грыўняў — адвёз нас у нейкі падвал у іншай частцы Ірпеня. І ў гэтым падвале мы жылі дзён пяць. Вяртацца дадому не сталі — наша частка Ірпеня знаходзіцца занадта блізка да Гастомеля.
У сапраўдным абсталяваным сховішчы Каця і Мікіта так і не пабывалі. Толькі ў звычайных — але трывалых — падвалах.
— Калі спіш у падвале, складана разумець, які час сутак. У нас былі яшчэ лакшэры-ўмовы. Мы паспелі заняць нейкі стол, на ім і спалі. А многія ў выніку вымушаныя былі вярнуцца па матрацы і раскладушкі дадому. Коўдра спатрэбілася.
Часам выбухі раздаваліся зусім блізка. Часам роў кот: яму сумна было сядзець у пераносцы, трэба браць яго на ручкі. У апошнія дні ў падвале ён роў увесь час, не хацеў садзіцца ў пераноску, так што я саджала яго на павадок і спала з павадком у руках.
У склепе было не асабліва страшна, кажа Каця. Хіба што адзін раз, калі снарад разарваўся зусім блізка і ў падвальнае акенца паляцеў пыл.
— Людзі пачалі перамяшчацца ў цэнтр падвала. Дзеці плачуць. Людзей шмат. Толькі ў нашым пакоі — 17 чалавек. Плюс яшчэ тры пакоі. І бабулі ў калідоры.
Мы думалі, трапіла ў наш дом. Але трапіла ў суседні, у ім быў ЖЭК. Больш ЖЭКа няма.
Але і гэта было не вельмі страшна. Па-сапраўднаму страшна было эвакуявацца.
Другая спроба эвакуацыі: "Падбягаюць хлопцы ў камуфляжы. Крычаць: дэбілы, кладзіцеся! Чаму вы не хаваецеся?"
Трапіць на эвакуацыйны цягнік з Ірпеня беларусы спачатку нават не спрабавалі: казалі, што эвакуююць толькі жанчын і дзяцей.
— А якія мы жанчыны і дзеці? Але потым вырашылі, што трэба спрабаваць. Нас падкінулі на машыне да вакзала. Там было шмат людзей, а вагонаў у цягніка — мала.
Абяцалі, што вось-вось пад'едзе другі цягнік, і тут пачаўся абстрэл. Было страшна чакаць гэтую эвакуацыю. Выбухі блізка, але людзі стаяць. Ты чакаў у гэтай чарзе тры гадзіны, не хочаш сыходзіць, чакаеш эвакуацыю.
Над намі пачало ўсё лётаць. Метраў за сто ад нас снарад трапіў у чыгуначнае палатно. Мы зразумелі, што эвакуацыі больш не будзе.
Людзям з дзецьмі прапанавалі схавацца ў пераход пад пуцямі. Каця спалохалася: яна ведае, што здараецца, калі людзі панікуюць. Яна памятае, што здарылася ў 1999 годзе на Нямізе.
— У той дзень моцна бамбілі, як у кіно. Мы разумеем: канец нам. Падбягаюць хлопцы ў камуфляжы. Крычаць: дэбілы, кладзіцеся! Чаму вы не хаваецеся? А мы не мясцовыя, куды хавацца? Яны ўзялі нашы рэчы, пабеглі, мы — за імі. Так і трапілі ў трэці падвал.
Пасля таго дня я і пад паветраныя трывогі добра сплю, мне ўжо нічога не страшна. Нават кот змяніўся. Быў уладны, а цяпер у яго на мордзе напісана: не бамбяць — і добра, і ладна.
Трэцяя спроба эвакуацыі: мы пайшлі на сваю рызыку
Калі дабрацца з Ірпеня да вёскі Раманаўка, можна перабрацца праз раку па рэштках падарванага моста. Да пераправы Кацю, Мікіту і ката падвёз валанцёр.
— Мы пайшлі на сваю рызыку.
Перад тым як адважыцца на пераправу, хлопец з дзяўчынай спыталі ў валанцёраў, ці былі загінулыя напярэдадні. Валанцёры сказалі, што былі параненыя — але ніхто не загінуў.
І 8 сакавіка Каці і Мікіту ўдалося вырвацца з горада. У эвакуацыйным аўтобусе на Львоў яны ехалі з парай з Ірпеня, якая выехала з горада на дзень раней.
— Яны спыталі: людзі, а восьмага чысла, калі вы ішлі, трупы ўжо прыбралі?
"Чым ён будзе бамбіць, гэты канапавы эксперт?"
Каця і Мікіта праехалі праз паўкраіны, ад Ірпеня да Львова. У ірпенскім падвале іх кармілі пірагамі і паілі гарбатай: у іх з сабой было толькі паўбутэлькі вады. Потым на некалькі дзён беларусаў прытуліла зусім незнаёмая ўкраінская сям'я. Потым ад абстрэлу іх выратавалі хлопцы з тэрабароны — зводзілі ў душ, далі магчымасць памыць рэчы. Ні разу на ўсім гэтым шляху ім не давялося хаваць, што яны — беларусы.
— За ўсе гэтыя дні толькі адзін чалавек, з якім мы даўно не размаўлялі, напісаў мне, што "Мінск трэба бамбіць ракетамі". Чым ён будзе бамбіць — гэты канапавы эксперт?
На самай справе людзі, якія тут, на перадавой — ім не да сварак. Яны глядзяць па справах. Мы ні разу не хавалі, што мы беларусы.
Цяпер, у Львове, Мікіта ўсім таксістам з ходу заяўляе — ён з Беларусі. Таксісты кажуць — "сябры".
— Кажуць: з Беларусі? Ну, расказвайце, што ў вас і як. Ніякай агрэсіі, ніякай непрыязнасці ні разу не было.
Я чула, што людзі сутыкаюцца з тым, што не могуць зняць кватэру праз беларускі пашпарт. Але калі я кінула кліч у фэйсбуку, мне тут жа патэлефанаваў гаспадар нашай ірпенскай кватэры — цяпер ён у тэрабароне. Прапанаваў пажыць у яго ў Заходняй Украіне. Не бачыла я дрэннага стаўлення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.