Трэнер Аксаны Мяньковай: Што значыць адняць у яе медаль, гэта было 8 год таму
У сераду 26 ліпеня “Свабода” паведамляе навіну, што кідальніцу молата Аксану Мянькову могуць пазбавіць тытула алімпійскай чэмпіёнкі-2008. Прычына — пераправераныя допінг-пробы васьмігадовай даўніны. Аналізы аказаліся станоўчымі.
Тым часам Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва, Мінспорта і Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі гэту інфармацыю не каментуюць. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт нідзе няма.
Аксана Мянькова павінна была выступіць на Гульнях-2016. Яшчэ ў траўні кідала молат за 72 метры, пакрысе набірала форму. Але ў склад алімпійскай зборнай яе так і не заявілі.
“Аксана трэніруецца, але праблемы такія, што на Алімпіядзе мы выступаць, цалкам верагодна, не будзем”, — кажа Валерый Варанцоў, трэнер Мяньковай.
Еўрарадыё: Ці праўда, што адкрылі яе допінг-пробу 2008 года?
Валерый Варанцоў: Адкрывалі не толькі Пекін, але і Лондан (там праходзіла Алімпіяда-2012, дзе Мянькова стала 7-й — Еўрарадыё). Пакуль не варта звяртаць увагі на гэту інфармацыю. Таму што вы самі бачыце, які ідзе ціск на Расію, і мы патрапляем пад гэту калясніцу. Гэта інсінуацыя, таму яе пакуль не варта нават і абмяркоўваць. Прынамсі, пакуль няма афіцыйнай інфармацыі. WADA — тэрарыстычная арганізацыя. Яна душыць увесь славянскі мір. А што тычыцца адняцця медаля (у Аксаны Мяньковай — Еўрарадыё), то справа была восем год таму! Што значыць у такой сітуацыі “адняць”? Такі вось мой адказ.
Пад удар антыдопінгавых службаў за Пекін-2008, паводле папярэдняй інфармацыі, патрапіла і штурхальніца ядра Наталля Міхневіч. Яна на той Алімпіядзе заваявала срэбра.
Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) у адказ на запыт Еўрарадыё не называе канкрэтных прозвішчаў беларускіх спартсменаў, якіх падазраюць у парушэнні антыдопінгавых правілаў.
“Што ясна зразумела, ніхто з атлетаў, у якіх пераправераныя ўзоры мачы паказалі неспрыяльны вынік, не паедзе ў Рыа. У дадзены момант рашэнні па паўторных тэстах Алімпіяд 2008 і 2012 прымаюцца Міжнародным алімпійскім камітэтам і федэрацыямі, адказнымі за дысцыплінарныя працэдуры”, — паведамляе Еўрарадыё Крыс Цёрнэр, выканаўчы дырэктар аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.
26 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё алімпійская чэмпіёнка-2000 Яніна Правалінская-Карольчык выказалася, што сёлета таксама чула пра пераправераныя допінг-пробы з лонданскіх і пекінскіх Гульняў. Ёй было вядома і пра тое, што пад падазрэнні трапілі беларускія лёгкаатлеткі.