Тром графіцістам выставілі канчатковыя абвінавачанні

Тром графіцістам выставілі канчатковыя абвінавачанні

Следчы камітэт працягвае расследаванне справы па беларускамоўных графіці ў Мінску. Як перадае Радыё "Свабода", Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў пабывалі на допытах для "азнаямлення з вынікамі экспертызы і выстаўлення канчатковага абвінавачання".

Нагадаем, што хлопцаў жорстка затрымалі 11 жніўня за беларускамоўныя графіці і псаванне білборда з выявамі міліцыянтаў. Праваабаронцы заявілі, што ў выпадку асуджэння графіцістаў іх прызнаюць палітвязнямі.

Паведамляецца, што Вадзіму Жаромскаму і Вячаславу Касінераву пакінулі абвінавачанне ў хуліганстве, учыненым групай асобаў. За гэта ім пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленне волі ад аднаго да шасці гадоў.

Таксама Вадзіма Жаромскага абвінавацілі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці. У яго абвінавачанні фігуруюць усе тры эпізоды справы: графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе...", а таксама псаванне фарбай білборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула матэрыяльную шкоду ў 2 млн 200 тысяч рублёў.

Максіма Пякарскага вінавацяць толькі ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці. Яму інкрымінуюць толькі беларускамоўныя графіці. Дарэчы, экспертыза не выявіла праяваў экстрэмізму ў малюнках. Хлопцу пагражае штраф, грамадскія працы або арышт тэрмінам да 3 месяцаў.

Усе трое знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Дарэчы, грошы за псаванне маёмасці хлопцы ўжо заплацілі.

З Яраслава Ульяненкава знялі ўсе абвінавачанні і паведамілі пра спыненне крымінальнага пераследу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі