У Беларусі звольнілі на 61 тысячу чалавек больш, чым прынялі на працу
Колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў
У Беларусі ў студзені-жніўні 2023 года звольнілі 485,5 тысячы чалавек. Гэта на 61,47 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу. Такія даныя апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Праўда, у справаздачу не ўключылі малыя і мікрапрадпрыемствы, якія не маюць ведамасную падпарадкаванасць.
Усяго за восем месяцаў від дзейнасці "Інфармацыя і сувязь" пазбавіўся больш за 5,5 тысячы працаўнікоў: было прынята на працу 7,4 тысячы чалавек, а звольнена 13 тысяч. У апрацоўчай прамысловасці колькасць звальненняў дасягнула 81,3 тысячы чалавек, што на 3,5 тысячы больш, чым было працаўладкаванняў.
Па выніках васьмі месяцаў колькасць звальненняў перавысіла колькасць працаўладкаванняў у будаўніцтве (-3338), гандлі і рамонце аўтамабіляў і матацыклаў (-9627), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (-1836), транспартнай дзейнасці і лагістыцы (-4397), фінансавай і страхавой дзейнасці (-1235), адукацыі (-18959), дзяржкіраванні (-699), ахове здароўя (-2750).
Адваротная сітуацыя назіралася, напрыклад, у машынабудаванні (+1393).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.