У Германіі памёр Алег Алкаеў
Алег Алкаеў / dw.com
Раніцай 20 верасня ў Германіі памёр Алег Алкаеў. Яму было 69 гадоў. Як піша "Наша ніва", прычына смерці пакуль невядомая, прызначана судмедэкспертыза. Сябар Алкаева мяркуе, што прычынай смерці мог стаць тромб. Пахаванне адбудзецца ў Берліне.
Алег Алкаеў — былы начальнік мінскага СІЗА № 1 (у 1996-2001 гадах). Ён быў вымушаны выехаць за мяжу, жыў у Германіі, дзе ў 2002-м атрымаў палітычны прытулак. На працягу двух дзесяцігоддзяў Алкаеў заяўляў пра датычнасць уладаў Беларусі да палітычных забойстваў у 1999 годзе, калі зніклі Віктар Ганчар, Юрый Захаранка і Анатоль Красоўскі. Ён меў дакументальны доказ выдачы з СІЗА на загад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова расстрэльнага пісталета камандзіру САХР Дзмітрыю Паўлічэнку. У 2006 годзе выйшла кніга Алега Алкаева "Расстрэльная каманда".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.