У Грузіі пачаліся пратэсты пасля адмовы прэм'ер-міністра ад інтэграцыі з ЕС
Пратэсты ў Грузіі
У Грузіі ўвечары 28 лістапада пачаліся акцыі пратэсту пасля заявы прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ аб прыпыненні перамоваў пра ўступленне краіны ў Еўрасаюз да 2028 года. Як піша "Каўказскі вузел", прыхільнікі еўраінтэграцыі выйшлі на акцыі пратэсту ў Тбілісі, Батумі, Зугдзідзі і Кутаісі.
У Тбілісі да офіса кіруючай партыі "Грузінская мара" быў сцягнуты спецназ. Частку спецназаўцаў размясцілі ў будынку, а частку — побач з новым офісам на вуліцы Гаргасалі.
Каля парламента Грузіі пратэстоўцы перакрылі праспект Руставелі. Таксама дарогі перакрытыя каля офісаў "Грузінскай мары" ў Тбілісі і Кутаісі.
У Зугдзідзі паміж паліцыяй і пратэстоўцамі адбыліся сутычкі каля будынка раённай адміністрацыі.
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала заяву Кабахідзэ канстытуцыйным пераваротам: "Сёння гэты нелегітымны ўрад абвясціў вайну свайму народу, сваёй мінуўшчыне і сваёй будучыні. На гэтым шляху няма дзяржаўнага суверэнітэту Грузіі, яе незалежнасці, і іншай будучыні, акрамя як у Расіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.