У "Інтэрфаксе " патлумачылі, чаму вымушаныя закрыць офіс у Мінску
Кіраўнік расійскага інфармацыйнага агенцтва "Інтэрфакс" Міхаіл Камісар / РАНГіДС
Расійскае інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс" прыняло рашэнне закрыць сваю беларускую дачку — агенцтва "Інтэрфакс-Захад", каб не парушаць беларускае заканадаўства, патлумачыў дырэктар "Інтэрфакса" Міхаіл Камісар. Яго словы прыводзіць Sputnik Беларусь. Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што "Інтэрфакс-Захад" спыняе працу ў Беларусі з 1 студзеня 2022 года.
Згодна з новымі нормамі, прынятымі ў Беларусі, СМІ не можа належаць больш чым на 20% замежным заснавальнікам, а 100-адсоткавым заснавальнікам "Інтэрфакс-Захад" было расійскае агенцтва, нагадаў Камісар.
"Скараціць нам долю да 20% і ўзяць кагосьці там на 80% — немагчыма. Мы не гатовыя пайсці на гэта, таму, на жаль, мы вымушаныя закрыць", — патлумачыў ён.
Па словах Камісара, расійскае іншафрмацыйнае агенцтва плануе шукаць варыянты працы ў Беларусі — "магчыма, у нейкім выглядзе гэта можна будзе зрабіць".
Складанасць яшчэ заключаецца ў тым, што беларускі МЗС з восені 2020 патрабуе, каб карэспандэнтамі замежных СМІ былі грамадзяне краін, дзе гэтае СМІ зарэгістравана. Раней працаваць для замежных медыя маглі і грамадзяне Беларусі.
Гэта значыць "Інтэрфаксу" для працы ў Мінску давядзецца дасылаць журналістаў з Масквы, а "гэта даволі складаная гісторыя", адзначыў Міхаіл Камісар.
Дакументы аб закрыцці беларускага офіса ўжо пададзеныя. "Інтэрфакс" працаваў на беларускім рынку з 1994 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.