У Іўі за "экстрэмізм" асудзілі начальніка раённай энергагазінспекцыі
Чыноўніка ў Іўі асудзілі за "экстрэмісйкую" падпіску "Вконтакте"
На сем сутак арыштавалі начальніка Іўеўскай раённай энергагазінспекцыі Астравецкага міжраённага аддзялення філіяла дзяржэнерганагляду па Гродзенскай вобласці, піша Hrodna.life.
Мужчыну абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмізму": на ягонай старонцы ў сацсетцы "Вконтакте" знайшлі падпіску на "экстрэмісцкі" рэсурс. Таксама ў чыноўніка канфіскавалі мабільнік.
На судзе мужчына віну прызнаў часткова. Ён прызнаўся, што быў падпісаны на інтэрнэт-рэсурс, але не ведаў, што той забаронены.
Журналісты адзначаюць, што цяпер даныя чыноўніка на афіцыйных сайтах адсутнічаюць. Вядома, што ў яго ёсць непаўналетняе дзіця.
Апошнім часам звесткі пра пакаранне чыноўнікаў за "экстрэмісцкія" падпіскі становяцца ўсё часцейшымі. Напрыклад, учора стала вядома, што на "суткі" быў адпраўлены начальнік аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.