У Лельчыцах будуць судзіць рабочага, які падпаліў машыну з калегамі
У горадзе Лельчыцы на Гомельшчыне будуць судзіць 36-гадовага рабочага, які падпаліў службовы аўтамабіль з калегамі. Здарэнне адбылося ў красавіку. Дзевяць рабочых ехалі на фургоне па дарозе Тураў — Лельчыцы — Славечна, выпівалі. П'яныя мужчыны пасварыліся. У выніку адзін з іх выліў на падлогу бензін з каністры, падпаліў яго і на хаду скокнуў з палаючай машыны.
Як піша "Гомельская праўда", кіроўца заўважыў агонь, спыніў фургон. Пяцёра пацярпелых самастойна выбеглі з аўтамабіля, трое атрымалі моцныя апёкі і пазней памерлі ў бальніцы. Агонь знішчыў фургон, асабістыя рэчы рабочых. Агульныя страты ацанілі на суму 229 млн рублёў.
Зламыснік знаходзіцца пад вартай. Яго справу будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.
Фота: ria.ru