У Літве кажуць пра сотні прадухіленых спробаў абыходу санкцый

У Літве кажуць пра раскрытыя спробы абысці санкцыі / Еўрарадыё
У Літве кажуць пра раскрытыя спробы абысці санкцыі / Еўрарадыё

У Літве прадухілілі сотні спробаў парушэння санкцый. Такія лічбы ў эфіры LRT назвала намесніца міністра камунікацый і транспарту краіны Ларэта Маскалевене.

"Падсанкцыйныя тавары не павінны перавозіцца. Іншы бок вынаходлівы і сапраўды відавочна, што не толькі з пачатку вайны, але і з пачатку прыпынення транзіту "Беларуськалію" мы назіраем самыя розныя пошукі розных спосабаў махлярства і абыходных схем — гэта праўда", — заявіла чыноўніца.

Яна паведаміла пра сотні спробаў, па выніках якіх былі пачатыя справы. Над іх раскрыццём працуюць розныя структуры Літвы.

Таксама Маскалевене пракаментавала інфармацыю аб затрыманні вагонаў з беларускімі ўгнаеннямі. Яна назвала гэта яшчэ адным выпадкам абыходу санкцыйнага рэжыму. "У выніку цягнікі былі спыненыя, інфармацыя перададзеная ў праваахоўныя органы, пракуратуру, расследуюцца відавочныя выпадкі махлярства. У СМІ трапіў толькі адзін з некалькіх соцень выпадкаў, якія былі прадухіленыя", — дадала яна.

Як паведамляла Еўрарадыё, Літоўская чыгунка затрымала 15 вагонаў з беларускімі ўгнаеннямі. Груз на суму ў 320 тысяч еўра адпраўляўся ў Дубай праз Клайпедскі порт у абыход санкцый, накладзеных на Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі