У Малдове святар адмаўляецца хаваць прышчэпленых ад COVID-19
Алег Марару адмаўляецца праводзіць пахаванні прышчэпленых
Святар Алег Марару з камуны Секерэнь у Малдове адмовіўся хаваць жанчыну, прышчэпленую ад COVID-19. 63-гадовая жыхарка камуны памерла ад раку, а да таго вакцынавалася ад каранавіруса. Для святара гэта стала важкім аргументам на карысць таго, каб адмовіць яе родным: "Я не буду хаваць іх. Я не хачу браць на сябе такі смяротны грэх".
Сваякі памерлай жанчыны вымушаныя былі звярнуцца па дапамогу да святара з іншага сяла.
Прадстаўнікі Малдаўскай мітраполіі сцвярджаюць, што святар не можа быць прыцягнуты да адказнасці за сваё бачанне і дзеянні, таму што "ўся дзейнасць, якую ён ажыццяўляе, вядзецца ім па яго ўласнай ініцыятыве. Ён павінен падпарадкаваць сябе, але ён не падпарадкоўвае сябе, і ў гэтым ён такі ж, як і прадстаўнікі іншых культаў".
Ад жыхароў камуны выданне ZDG даведалася, што Марару не пускае прышчэпленых у царкву, а таксама забараняе прыхаджанам насіць маскі. Ён лічыць, што вакцына — "ад д'ябла". І ў Сэкэрэні з ім шмат хто згодны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.