У Маскве арыштавалі настаўніцу — ураджэнку Бабруйска, яе вінавацяць у педафіліі
Кацярына Кірсанава на допыце
У Маскве арыштавалі выкладчыцу па вакале Кацярыну Кірсанаву. Яе падазраюць у сексуальным гвалце ў дачыненні да непаўналетняй, піша "Зеркало".
Затрыманне адбылося 3 кастрычніка. Перад гэтым расійскі медыяпраект Baza апублікаваў фільм, у якім расказаў гісторыі дзвюх былых вучаніц, якія казалі, што педагог схіліла іх да інтыму.
Кірсанава — ураджэнка Бабруйска, раней яна вучылася і працавала ў Мінску. Апошнім часам, як сцвярджаюць расійскія журналісты, яна выкладала вакал у Маскоўскім культурным цэнтры "ЗІЛ" і культурна-адпачынкавым цэнтры "Арбіта". На паводзіны выкладчыцы звярнулі ўвагу яе калегі, якія заявілі, што яна "залішне тактыльная" з вучаніцамі.
У фільме былая вучаніца Соф'я Кавалёва расказвае, як у 2012 годзе выкладчыца пацалавала яе ў цёмным павільёне парыжскага "Дыснэйлэнда". Дзяўчынцы тады было 12 гадоў. Калі ёй было 13, яна засталася начаваць у Кірсанавай, і педагог, як кажа дзяўчына, схіліла яе да інтымнай сувязі. Сама Кірсанава заявіла журналістам, што Соф'я была ў яе закаханая і выдумала іх раман з усімі падрабязнасцямі.
Таксама ў фільме ёсць гісторыя яшчэ адной дзяўчыны, якой яшчэ не споўнілася 18. У кадры паказваюць перапіску — як сцвярджаецца, дзяўчынкі з выкладчыцай. Жанчына прызначае сустрэчы ў сябе дома. Яе сяброўка перадала журналістам аўдыязапіс, на якім дзяўчынка распавядае пра сексуальны досвед з педагогам. На момант аповеду вучаніцы было 14 гадоў.
Расійская юрыстка Ганна Леўчанка кажа, што пасля выхаду фільма Кірсанава планавала пакінуць Расію і паліцыянты затрымалі, калі ў яе былі квіткі на самалёт.
Расійскія следчыя заяўляюць, што ўлетку 2019 года жанчына запрашала сваю вучаніцу 2007 года нараджэння да сябе ў кватэру, дзе здзяйсняла ў дачыненні да яе "іншыя дзеянні сексуальнага характару". Таксама ў жніўні 2019-га падазраваная адпраўляла непаўналетняй свае інтымныя фатаграфіі.
Журналіст Baza з'ездзіў у Бабруйск і апытаў былых суседзяў Кацярыны. Тыя апісалі яе сям'ю як набожных уцаркоўленых людзей.
У адным з акаўнтаў Кірсанавай у VК пазначана, што ў 2005 годзе яна скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Паводле звестак BELPOL, Кірсанава таксама працавала педагогам у БДПУ ў 2013 годзе.
Аўтар сюжэту Baza сцвярджае, што ў пачатку 2000-х Кірсанава працавала ў школе "Рэвю" ў Мінску — гэта вядомая дзіцячая студыя, якая існуе з 1997 года. "Зеркало" знайшло Кацярыну Кірсанаву на фотаздымках з паездак студыі "Рэвю". Здымкі апублікаваныя ў сацсетцы "Вконтакте" ў 2011 годзе. Выкладчыца трапіла на фота былой вучаніцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.