У Маскве Лукашэнка разважаў пра верагоднасць уступлення Беларусі ў вайну
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання беларуска-ўкраінскай мяжы, 2023 год
У Маскве Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне журналістаў пра верагоднасць уступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны на баку РФ. "Такой неабходнасці няма... Расіі цяпер патрэбная такая Беларусь — мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу", — сказаў ён. Пры гэтым не стаў удакладняць, чым менавіта РБ дапамагае Расіі.
Лукашэнка згадаў, што яго рэжым называюць "суагрэсарам". І не стаў гэта абвяргаць. "Кожны робіць сваю справу", — сказаў ён.
Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну, давялося б трымаць войскі не толькі на мяжы з Украінай, але і на межах з Польшчай і краінамі Балтыі. А на гэта рэсурсаў няма, падкрэсліў ён. І дадаў, што мяжа ўкраінцамі моцна ўмацаваная, там трымаюць значныя сілы (паводле яго слоў, 120 тысяч чалавек). Ён паразважаў і пра агучаныя планы замяніць украінскіх вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю французскімі вайскоўцамі. І лічыць гэта больш псіхалагічнай аперацыяй, чым рэальнай перспектывай.
Згадаў Лукашэнка і НПЗ у Мазыры, які "агрэсару пастаўляе паліва". Ён кажа, што адрэагаваў на заклікі нанесці па ім удар і загадаў вайскоўцам "выставіць на пазіцыі ўсё, што ёсць". І прыгразіў ударам у адказ.
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз адмаўляў, што яны з Уладзімірам Пуціным рыхтуюць напад на адну з краін Балтыі ці Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.