У Мазыры канец святла, вады і сувязі. Куды звяртацца падчас НЗ?
Стыхія ламае дрэвы ў Мазыры
Жыхары Мазыра скардзяцца на праблемы з сувяззю, адсутнасць вады і электрычнасці пасля ўрагану.
— З раніцы не можам датэлефанавацца ні да бабулі, ні да лякарні, ні да паліклінікі, — расказвае слухачка Еўрарадыё. — Мы жывем у іншай краіне. Што рабіць — не разумеем.
— Інтэрнэту няма, тэлефоны не працуюць. Адзін экстраны нумар, які нам далі — сувязь з хуткай, — коратка тлумачаць нам у прыёмным аддзяленні гарадской мазырскай бальніцы.
Пасля таго як мы безвынікова абтэлефанавалі іншыя ўстановы аховы здароўя горада, у тым ліку радзільню і дзіцячую бальніцу, набіраем нумар "гарачай тэлефоннай лініі" Мазырскага райвыканкама. Але і тут нам таксама ніхто не адказвае, як і па нумары службы "Адно акно".
І што рабіць? Няўжо такія праблемы па ўсёй Гомельскай вобласці? Ці ёсць пагроза здароўю пацыентаў бальніц?
Адзіны тэлефон на ўсю бальніцу
Ад імя слухачкі Еўрарадыё тэлефануем у цэнтральную раённую бальніцу Нароўлі.
Як выклікаць доктара або ратавальнікаў?
— З сувяззю пакуль усё кепска, але на экстранныя службы датэлефанавацца можна, — кажуць у мазырскім аддзяленні МНС. — Калі вы тэлефануеце на 103 і там занята, ваш званок перакідаюць на нас.
Далей мы альбо злучаем вас з бальніцай, альбо калі вы кажаце дакладны адрас чалавека, якому патрэбная дапамога, самі звязваемся з лекарамі і яны накіроўваюць брыгаду.
Так што тэлефануйце альбо на 103, альбо нам на 101, ці зноў жа нам па гарадскіх нумарах: 8 (0236) 246601 / 8 (0236) 246603.
Якая сітуацыя ў Мазыры на гэты момант?
Ратавальнікі папярэджваюць, што "са святлом аварыя сур'ёзная, і пакуль цяжка прагназаваць, калі яно з'явіцца", таксама не працуюць гарадскія вадзяныя помпы.
— Мы спрабуем вырашыць праблему. Пастараемся даць ваду да вечара ці хаця б да позняй ночы. Пакуль падвоз вады арганізаваны ў розныя пункты горада. Крамы працуюць, купіць прадукты можна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.