Дзіця загінула ў лагеры ў Рэчыцкім раёне, яшчэ шасцёра пацярпелі
Наступствы непагадзі ў аздараўленчым лагеры
У Рэчыцкім раёне ў выніку падзення дрэў пацярпелі шасцёра дзяцей. Яшчэ адзін загінуў. Пра гэта паведамляе прэс служба Следчага камітэта. Трагедыя здарылася на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера імя Марата Казея ўчора ўвечары.
Калі пачалася бура, дзеці знаходзіліся на канцэртнай пляцоўцы. Для іх праводзілі забаўляльнае мерапрыемства. Надвор'е стала псавацца імкліва, вецер пачаў валіць дрэвы, дзеці пабеглі ў карпусы. Загінуламу хлопчыку было 13 гадоў. Розныя траўмы таксама атрымалі шэсць дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў.
Як удакладнілі ў Міністэрстве аховы здароўя, адну з дзяўчынак пасля ўдакладнення дыягназу перавялі ў клініку ў Гомель. Двум падлеткам аказана дапамога ў Рэчыцкай ЦРБ. У дзяцей дыягнаставаны пераломы і траўмы сярэдняй ступені цяжкасці.
Нагадаем, у суботу з-за непагадзі і падзення дрэў у Беларусі таксама загінула дзяўчына, некалькі чалавек пацярпелі. Двух дзяўчат забралі ў бальніцу з пляжа Цнянскага вадасховішча пад Мінскам. Дзіця пацярпела ад падзення дрэва ў Ждановічах, падлетак і 24-гадовы малады чалавек — ад падзення шкла каля завода "Гарызонт". Іх таксама шпіталізавалі. У Мінску ад парыву ветру ўпала цагляная сцяна. Мужчыну, які знаходзіўся побач, прывезлі ў БХМД са спалучанымі траўмамі — ЧМТ сярэдняй ступені, закрытай траўмай грудной клеткі, траўмай жывата, пераломамі касцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.