У Мінску абмеркавалі магчымасць абмену ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка
23 сакавіка ў Мінску ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванню сітуацыі на ўсходзе Украіны абмеркавалі магчымасць абмену ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка на асоб, якія ўтрымліваюцца ўкраінскім бокам. Пра гэта паведаміў Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе.
Аднак падрабязна распавядаць пра гэта дыпламат не стаў, інфармуе БелаПАН.
Адзначым, напярэдадні сённяшняга пасяджэння кантактнай групы прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін выступіў з заявай, у якой адзначыў, што сітуацыя з прысудам Надзеі Саўчанка не мае ніякага дачынення да мінскага перамоўнага працэсу. Прэс-сакратар прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў 22 сакавіка заявіў, што Расія будзе дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам краіны ў пытанні аб магчымасці абмену асуджанай на 22 гады грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанка. "У астатнім рашэнне можа прыняць толькі прэзідэнт. Якое, пакуль сказаць не магу", — адзначыў Пяскоў, каментуючы словы ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб магчымым абмене Саўчанка на двух грамадзян Расіі.
Раней Парашэнка заявіў, што Кіеў гатовы перадаць Маскве двух расійскіх вайскоўцаў, затрыманых ва Украіне, у абмен на Саўчанка.