У Мінску міністр абароны і старшыня КДБ правялі палітінфармацыю
Прамаўляе Анатоль Лапо, побач сядзяць Віктар Хрэнін і Іван Тэртэль / t.me/mlynby
6 кастрычніка ў Цэнтральным доме афіцэраў у Мінску прайшла палітінфармацыя. Як піша прэс-служба Мінабароны, адбылося "інфармаванне прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, блогераў і грамадскіх дзеячоў па пытанняў ваенна-палітычнай сітуацыі, якая склалася ў краіне і за мяжой". Даклады чыталі міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо і міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
Хрэнін гаварыў пра супрацьстаянне паміж Расіяй і "калектыўным Захадам". Ён лічыць, што РФ "вымушана" напала на Украіну. Міністр абароны адзначыў, што Беларусь, "як стратэгічны саюзнік Расійскай Федэрацыі, таксама ўцягнутая ў гэтае супрацьстаянне". Далей ён расказваў і паказваў, як "на Беларусь рыхтуецца напад" — пра тое, як NATO "разгортвае групоўкі" каля межаў нашай краіны, як адбываецца "мілітарызацыя Польшчы". Лапо назваў сітуацыю на мяжы з Польшчай "складанай". Паводле яго слоў, польскія памежнікі "страляюць у паветра і крычаць".
Тэртэль жа палохаў тым, што "мы падыходзім да перыяда Карыбскага крызісу". Ён лічыць, што "з Расіяй цяпер ваюе каля 50 краін Захаду".
"Стратэгічнае значэнне Беларусі расце ў геаметрычнай прагрэсіі — акрамя разбурэння брацкага саюза з Расіяй, мы яшчэ ўяўляем велізарную небяспеку з перспектывы адкрыцця другога фронту на ўкраінскім кірунку", — гаварыў старшыня КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.