У Мінску прайшло ўшанаванне памяці Арнольда Пячэрскага

Дзень памяці Арнольда Пячэрскага, аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі 1990-х гадоў, адзначылі 24 красавіка ў Мінску актывісты дэмакратычнага руху. Ён трагічна загінуў 24 красавіка 1999 года.
Актывісты руху салідарнасці "Разам" і "Маладога фронту" наведалі магілу Пячэрскага на Кальварыйскіх могілках, запалілі на ёй знічы, усклалі кветкі. Над магілай прагучалі кароткія прамовы, на заканчэнне прысутныя праспявалі "Магутны Божа".

Нагадаем, Арнольд Пячэрскі з'яўляўся не толькі лідэрам прадпрымальніцкага руху, але прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны. Кіраваў падрыхтоўкай агульнабеларускай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў за спыненне выплаты падаткаў. Таксама ён арганізоўваў масавыя прадпрымальніцкія страйкі, мітынгі, шэсці і дэманстрацыі. Пячэрскі з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Міхаіла Чыгіра на альтэрнатыўных выбарах 1999 года.

Ён быў актывістам руху БНФ "Адраджэньне" і Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Арнольд Пячэрскі быў фундатарам шматлікіх прадпрымальніцкіх і апазіцыйных структур, газет, сам прымаў удзел у выдавецкай дзейнасці. У 1999 годзе ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе на тэрыторыі Крупскага раёна.

"Беларуская грамадскасць не верыць у выпадковасць гэтай трагічнай падзеі. Яго жыццё спынілі. Але жыве народная памяць аб нашых нацыянальных героях", — гаворыцца ў прэс-рэлізе руху салідарнасці "Разам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі