У Мінску пройдзе “Я-У” — пазітыўны фэст з півам і беларускімі RHCP

2 чэрвеня ў мінскім парку Dreamland пройдзе фэст з загадкавай назвай “Я-У”. Па словах яго арганізатараў — сяброў прома-групы “Тумба-Юмба” — фестываль, хутчэй за ўсё, пройдзе не на “знешняй” сцэне ля вуліцы Арлоўскай, а на тэрыторыі парка. Побач будуць арганізаваныя фотавыстава, майстар-клас па фрысбі і намёты інфаспонсараў падзеі, сярод якіх ёсць і Еўрарадыё.

Досвед арганізатараў фэсту — некалькі ўдалых трыб’ютаў сусветна вядомым зоркам: HIM, 30 seconds to Mars, Three Days Grace. Цяпер “Тумба-Юмба” намераныя правесці сур’ёзны летні фэст.

“Фэсты цяпер, на маю думку, нецікавыя, — тлумачыць Еўрарадыё прадстаўнік прома-групы “Тумба-Юмба” Аляксей Скідан. — А ў мяне вось такая задума, каб на фестывалі былі абсалютна розныя гурты, але ўсе вартыя. Напрыклад, “Мамкины бусы”. Ці “Неадекватный Николай” — беларускі Red Hot Chili Peppers, якія вельмі крута граюць жыўцом”.

Акрамя згаданых гуртоў, у лайн-апе заяўленыя “Дай дарогу!”, “Кассиопея”, “Аддис Абеба”, Clover Club, Step Hall, Artefact, The Blackmail, HummusKiss і нават бард Сергей Башлыкевіч.

“Межы паміж музычнымі напрамкамі зараз сціраюцца, — смяюцца ў адказ на пытанне Еўрарадыё пра “стракаты” лайн-ап арганізатары. — І “Дай дарогу!” гэта ўжо не такі панк, як раней… Людзі паслухаюць тое, што ім дакладна падабаецца, і змогуць пачуць музыку іншых артыстаў. А калі не пойдзе, патусавацца ў парку да наступнага “свайго” гурта”. Таксама наведвальнікам фэсту прапануецца выпіць свежага піва ці безалкагольных напояў і задарма пакатацца на атракцыёнах.

Самым загадкавым у фэсце “Я-У” застаецца яго назва. Па словах яшчэ аднаго прадстаўніка “Тумба-юмба” Андрэя Барысюка, ніякай пэўнай расшыфроўкі ў гэтых літар няма:

“Я-У” — гэта такі лагатып, мы яго прыдумалі даўно, у нейкім шалёным чадзе. Быў такі гурт — “Конец недели”, і ў яго быў альбом “Я-У”. Які так і не выйшаў, дарэчы. “Я-У” — гэта пазітыў. Гэта так з часам склалася. Некаторыя людзі ведаюць пра “Я-У”, і ў іх гэта асацыюецца з весялосцю, пазітывам і добрым настроем”.

Даведацца падрабязнасці пра фэст можна ў яго суполцы вК.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі